Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 ліпеня 2024, 10:29

Галоўчанка анансаваў пастаўку больш як 700 адзінак беларускай тэхнікі ў Нікарагуа

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка анансаваў пастаўку больш як 700 адзінак беларускай тэхнікі ў Нікарагуа. Аб гэтым ён заявіў у час сустрэчы з саветнікам Прэзідэнта Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Лаўрэана Факунда Артэга Мурылья, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перш за ўсё мне вельмі прыемна перадаць братэрскаму нікарагуанскаму народу, кіраўніцтву Нікарагуа самыя цёплыя віншаванні Прэзідэнта Беларусі з 45-й гадавінай трыумфу Сандзінісцкай рэвалюцыі. Гэта, безумоўна, важнейшы дзень у гісторыі Нікарагуа, і для беларускага боку вельмі ганарова быць побач са сваімі нікарагуанскімі сябрамі ў перыяд гэтых урачыстасцей", - сказаў Раман Галоўчанка.

"З радасцю перадаю вам прывітанне ад Прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгі і віцэ-прэзідэнта Расарыя Мурылья. Хочам падзякаваць вам і перадаць нашу асаблівую ўдзячнасць вашаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за тое, што вы знайшлі магчымасць быць з намі ў час святкавання выдатнай падзеі ў жыцці Нікарагуа", - адказаў Лаўрэана Факунда Артэга Мурылья.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што Беларусь падзяляе ідэалы і каштоўнасці Нікарагуа, накіраваныя на клопат аб простым чалавеку і пабудову справядлівага грамадства. "Гатовы быць надзейным партнёрам Нікарагуа ў вырашэнні пастаўленых перад вашай краінай задач, уносіць свой уклад у развіццё і працвітанне Нікарагуа. Усе гэтыя гады ў перыяд пасля распаду СССР, здабывання дзяржаўнай незалежнасці Беларусі нашы палітычныя адносіны з Нікарагуа заўсёды характарызаваліся высокім узроўнем узаемаразумення і даверу. У нас падобныя погляды на падзеі ў свеце. Мы, як і Нікарагуа, не прымаем дыктату, навязвання чужой нам ідэалогіі. І ў выбудоўванні адносін на міжнароднай арэне зыходзім з прынцыпаў суверэннай роўнасці і безумоўнай узаемнай павагі", - падкрэсліў ён.

Доўгі час абмяркоўваліся шляхі для пераводу гандлёва-эканамічных адносін дзвюх краін у практычную плоскасць. "У гэтыя дні дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва Нікарагуа мы выходзім на першыя сур'ёзныя вынікі. З дня на дзень у Нікарагуа будзе дастаўлена першая партыя беларускай грузавой тэхнікі. Сённяшняе падпісанне пагадненняў і банкаўскіх кантрактаў таксама пакладзе пачатак рэалізацыі вялікага праекта па пастаўцы тэхнікі беларускай вытворчасці агульнай колькасцю больш як 700 адзінак у братэрскі Нікарагуа", - адзначыў Раман Галоўчанка.

"Безумоўна, мы не будзем спыняцца на дасягнутым. Думаю, мы вельмі ўважліва разгледзім агучаныя вамі прапановы па стварэнні ў далейшым ужо вытворчасцей беларускай тэхнікі ў Нікарагуа з перспектывамі іх экспарту ў іншыя краіны рэгіёна, улічваючы вашы добрыя адносіны з большасцю лацінаамерыканскіх дзяржаў", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Раней Раман Галоўчанка наведаў з афіцыйным візітам Венесуэлу і Кубу. Работа па развіцці супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі прадаўжаецца ў Нікарагуа. Паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, галоўная мэта - закласці трывалы фундамент для работы на будучыню.-0-

Фота Паўла Арлоўскага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі