31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час сустрэчы з кіраўніком Башкортастана Радзіем Хабіравым прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка расказаў аб тым, як працуе дылерскі цэнтр МАЗ ва Уфе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы аб двухбаковым супрацоўніцтве, Раман Галоўчанка адзначыў: "Падкрэслю: усё, да чаго вы далучаецеся, дае вельмі добры вынік". Кіраўнік урада Беларусі прывёў яшчэ адзін станоўчы прыклад узаемадзеяння. "Цэнтр МАЗ, які мы адкрывалі два гады таму (ва Уфе. - Заўвага БЕЛТА), паказвае вельмі добрыя вынікі як па продажах, так і па сэрвісным абслугоўванні тэхнікі", - сказаў Раман Галоўчанка. Як прагучала, ужо рэалізавана больш за 300 адзінак тэхнікі.
Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка знаходзіцца з рабочым візітам ва Уфе. Візіт прымеркаваны да афіцыйнага святкавання 450-годдзя заснавання горада. У рамках святкавання прэм'ер прыняў удзел у цырымоніях ускладання кветак да помніка генерал-маёру Мінігалі Шаймуратаву, закладкі "Капсулы часу", а таксама прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Цэнтра спартыўнай барацьбы Башкортастана. Акрамя таго, прэм'ер-міністр Беларусі наведае сяло Балтыка Іглінскага раёна. Плануецца ўскладанне кветак да мемарыяла загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны, адкрыццё ва ўрачыстай абстаноўцы памятнага знака ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раман Галоўчанка азнаёміцца з работай гісторыка-культурнага цэнтра, наведае этнаграфічны парк "Тэра". Запланаваны таксама перагаворы з кіраўніцтвам Іглінскага раёна. На заканчэнне візіту кіраўнік беларускага ўрада наведае завод па вытворчасці зернесушыльных комплексаў "Амкадор-Агідэль".-0-
Фота Віталя Піваварчыка