3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 4 снежня прыме ўдзел у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, якое пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Парадак дня пасяджэння ўключае 9 пытанняў.
Кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года, пералік выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза, якія трэба зняць у 2021-2022 гадах, падрыхтоўку змяненняў у тэхнічны рэгламент "Аб бяспецы харчовай прадукцыі", а таксама ход работы над правіламі вызначэння краіны паходжання асобных відаў тавараў для мэт дзяржаўных закупак.
Будзе разгледжана пытанне перамяшчэння лому і адходаў чорных і каляровых металаў з тэрыторыі Казахстана чыгуначным транспартам у іншыя краіны саюза. У парадак дня ўключана абмеркаванне плана мерапрыемстваў, неабходных для забеспячэння функцыянавання адзінага рынку паслуг у сферы будаўніцтва ў Еўразійскім эканамічным саюзе.
Акрамя таго, кіраўнікі ўрадаў разгледзяць пытанне аб прадстаўленні Вышэйшаму Еўразійскаму эканамічнаму савету кандыдатуры члена Савета ЕЭК ад Кыргызскай Рэспублікі.-0-