Сцяг Аўторак, 20 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 сакавіка 2025, 17:15

Фокус на канкрэтныя праекты і пашырэнне ўзаемадзеяння. Галоўчанка аб прыярытэтах супрацоўніцтва з М'янмай

7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і М'янма павінны нарасціць аб'ёмы ўзаемадзеяння і выдзеліць канкрэтныя флагманскія праекты для мэтанакіраванай работы. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, прэм'ер-міністрам Рэспублікі Саюз М'янма Мін Аун Хлайнам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раман Галоўчанка адзначыў, што Беларусь і М'янму звязваюць цесныя дружалюбныя адносіны, якія выбудоўваюцца многія гады ў даверным і канфідэнцыяльным рэчышчы. "Мы ўдзячны за вашы асабістыя намаганні па развіцці двухбаковага дыялогу, - звярнуўся ён да Мін Аун Хлайна. - Візіт такога высокага ўзроўню дае найлепшую магчымасць для ўмацавання ўсяго блока беларуска-м'янманскіх адносін".

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што беларуска-м'янманскія адносіны вельмі трывалыя, пабудаваны на сур'ёзнай аснове. "Мы давяраем адзін аднаму, у нас няма закрытых тэм. Урады дзвюх краін павінны нарасціць аб'ёмы двухбаковага ўзаемадзеяння. І мы ўжо робім крокі ў гэтым напрамку - учора прайшоў Беларуска-м'янманскі бізнес-форум. Ваш асабісты ўдзел дазволіў правесці яго максімальна прадуктыўна, заключаны шэраг адпаведных кантрактаў", - дадаў прэм'ер-міністр Беларусі.

Беларусь - краіна з экспартна арыентаванай эканомікай, заўважыў Раман Галоўчанка. Больш за 60 працэнтаў выпускаемай прадукцыі экспартуецца, што сведчыць аб яе канкурэнтаздольнасці і запатрабаванасці ў свеце. "Упэўнены, што наша прадукцыя і тэхналогіі знойдуць сваё месца і на рынку М'янмы. Напрыклад, у мінулым годзе наша адносна невялікая краіна экспартавала прадуктаў харчавання на $8,5 млрд, але да гэтага часу пастаўкі нашых прадуктаў харчавання ў М'янму ажыццяўляюцца ў вельмі невялікіх аб'ёмах. І гэта адна з тых сфер, над якой неабходна працаваць", - звярнуў ён увагу.

Урад прааналізаваў тыя тавары, работы і паслугі, якія вырабляюцца ў М'янме, і, паводле слоў прэм'ер-міністра, яны таксама выклікаюць сур'ёзную цікавасць у Беларусі. "Калі гаварыць аб харчовай групе тавараў, то гэта ў першую чаргу рыс. Нас таксама цікавяць пастаўкі каўчуку, медзі з М'янмы, калі гэта будзе эканамічна выгадна для нашай краіны", - акцэнтаваў прэм'ер.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што М'янма надае вялікае значэнне харчовай бяспецы, таму Беларусь гатова прыняць актыўны ўдзел у яе забеспячэнні. "Гатовы прапанаваць праекты па будаўніцтве малочнатаварных комплексаў і прадпрыемстваў па выпуску малочнай прадукцыі па беларускіх тэхналогіях", - сказаў ён.

Акрамя таго, Беларусь мае даволі развітую фармацэўтычную прамысловасць і пастаўляе лякарствы ў 37 краін свету. "Спадзяёмся, што зможам пастаўляць іх і на м'янманскі рынак", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, супрацоўніцтва паміж Беларуссю і М'янмай у сферы абароны і бяспекі мае даўнюю гісторыю. "Мы гатовы да інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння ў гэтай сферы, наколькі гэта патрэбна", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Ён таксама лічыць асабліва важным для развіцця беларуска-м'янманскіх адносін вылучыць некалькі канкрэтных флагманскіх праектаў і мэтанакіравана працаваць над іх рэалізацыяй. "У якасці такіх могуць выступаць праекты па зборачнай вытворчасці трактарнай тэхнікі, аптычных вырабаў, праектаванні і будаўніцтве жывёлагадоўчых аб'ектаў, сумеснай фармацэўтычнай вытворчасці", - прывёў прыклады прэм'ер-міністр Беларусі.

Раман Галоўчанка ўпэўнены, што неабходна рабіць усё магчымае з двух бакоў для ўмацавання дружалюбных і даверных сувязей паміж Беларуссю і М'янмай. "Мы гатовы да гэтага", - сказаў на заканчэнне ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі