Сцяг Аўторак, 23 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 снежня 2025, 19:58

Фінансавая і цэнавая стабільнасць. Як развівалася банкаўская сістэма Беларусі ў 2025 годзе

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банкаўская сістэма ў 2025 годзе спрацавала дастойна. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка на ўрачыстым мерапрыемстве да Дня банкаўскіх і фінансавых работнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша сістэма спрацавала дастойна і паказала нядрэнныя вынікі. Асноўныя мэты дзейнасці дасягаюцца. Ідзе планамерная і напружаная работа па выкананні задач", - сказаў Раман Галоўчанка, дадаўшы, што не першы год даводзілася дзейнічаць у складаных умовах, у першую чаргу звязаных з неспрыяльным знешнім фонам, пастаянным націскам, санкцыйнымі абмежаваннямі.

Паводле яго слоў, банкі навучыліся гібка і хутка рэагаваць на ўсе ўзнікаючыя цяжкасці і захоўваць галоўнае - устойлівасць банкаўскай і фінансавай сістэмы дзяржавы.

"Фінансавая і цэнавая стабільнасць - наш безумоўны прыярытэт, - сказаў Раман Галоўчанка. - Цэнавая дынаміка застаецца ўмеранай, кантралюемай. Для нівеліравання знешніх праінфляцыйных фактараў акуратна выкарыстоўваем даступныя інструменты грашова-крэдытнай палітыкі і ажыццяўляем кантроль за грашовым прапанаваннем. У выніку тэмпы прыросту грашовай масы паступова запавольваюцца".

Пры гэтым доля рублёвага складніка ў грашовай масе перасягнула 64 працэнты. Прыкметна расце давер і грамадзян, і бізнесу як да нацыянальнай валюты, так і да беларускіх банкаў у цэлым. За год тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва выраслі на рэкордныя 35 працэнтаў, або на Br3,8 млрд, дасягнуўшы на 1 снежня сумы ў Br14,7 млрд. "Што асабліва радасна, аб'ём укладаў на тэрмін звыш аднаго года з пачатку бягучага года вырас на больш як 64 працэнты. Нацыянальны банк у сваю чаргу актыўна працуе над далейшым удасканаленнем стымулюючых мер, прыцягненнем у банкаўскую сістэму доўгіх рэсурсаў у якасці крыніцы для інвестыцыйнага крэдытавання эканомікі", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Наступная задача - замацаваць давер людзей да зберажэнняў у беларускіх рублях і выйсці на рынак з канкурэнтным прадуктам для прыцягнення безадзыўных укладаў на тэрмін тры і больш гадоў. Калі на пачатак года такія прадукты прапаноўваліся толькі 6 банкамі, сёння іх маюць ужо 18. "Трэба зрабіць так, каб гэтыя ўклады былі яшчэ больш прывабнымі для насельніцтва. Нацыянальны банк таксама пэўныя рэгулятарныя меры прыме ў бліжэйшы час", - дадаў Раман Галоўчанка.

Нямала намаганняў зроблена і для ўстойлівага інвестыцыйнага фінансавання. "Рэсурсная падтрымка эфектыўных праектаў - неабходная ўмова для тэхналагічнага развіцця краіны. Іншымі словамі, фінансавы імпульс для таго, каб наша эканоміка развівалася ўстойліва і ўпэўнена. Калі гаварыць пра бягучы год, то за 11 месяцаў аб'ём інвестыцыйнага фінансавання вырас у паўтара раза - да $5,7 млрд. Ва ўмовах знешняга націску на краіну вельмі важны экспартная падтрымка ў частцы садзейнічання ажыццяўленню знешнегандлёвых разлікаў і ўзаемадзеянне з замежнымі банкамі. Бесперабойнасць разлікаў забяспечана. Колькасць рахункаў "ностра" ў банках нерэзідэнтаў з пачатку года павялічылася практычна на 200 і перасягнула 1,1 тыс. адзінак", - праінфармаваў Раман Галоўчанка.

Банкі актыўна ўдзельнічаюць у крэдытаванні насельніцтва для набыцця тавараў, у першую чаргу айчыннай вытворчасці. Аб'ём выдачы спажывецкіх крэдытаў на гэтыя мэты ў бягучым годзе вырас практычна на 30 працэнтаў і склаў Br1,3 млрд. "Такая праграма, безумоўна, аказвае падтрымку росту вытворчасці айчынных тавараў і падтрымлівае нацыянальную эканоміку", - падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка.

Традыцыйна ў фокусе ўвагі банкаўскай сістэмы застаецца крэдытаванне малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Яно таксама расце. За 11 месяцаў гэтага года банкамі выдадзена такіх крэдытаў на суму звыш Br68 млрд, што на 13 працэнтаў вышэй, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.

Найважнейшы напрамак - умацаванне тэхналагічнага суверэнітэту, укараненне лічбавых тэхналогій і дасягненне імпартанезалежнасці ў пытаннях праграмнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца ў банкаўскім сектары. "Тут мы таксама знаходзімся на адных з самых перадавых пазіцый у краіне, і ў нас вялікія планы ў гэтым пытанні на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, - запэўніў Раман Галоўчанка. - У надыходзячым годзе важны момант для нас - плануем першы этап укаранення лічбавага беларускага рубля, што дасць магчымасць яго выкарыстоўваць у тым ліку ў перспектыве і для ажыццяўлення трансгранічных плацяжоў, а таксама знізіць залежнасць плацежнай сістэмы ад знешніх плацежных тэхналогій, асабліва ва ўмовах санкцый".

Паводле слоў старшыні праўлення Нацбанка, банкаўскую сістэму ў 2026 годзе чакаюць няпростыя і маштабныя задачы. Яны былі абазначаны кіраўніком дзяржавы на нарадзе з прадстаўнікамі банкаў. "Галоўныя мэтавыя арыенціры вызначаны, зацверджаны асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год. Цяпер актыўна ідзе фарміраванне праграмнага дакумента на пяцігадовы перыяд. Для банкаў распрацоўваецца асобны дакумент з асноўнымі мэтавымі параметрамі развіцця на наступны год", - дадаў Раман Галоўчанка.

У рамках мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне калектываў банкаў ганаровымі граматамі Нацыянальнага банка. Раман Галоўчанка павіншаваў усіх з надыходзячым прафесійным святам, пажадаў прысутным новых праектаў, упэўненага росту, выканання даведзеных паказчыкаў. "Мы павінны дзейнічаць зладжана, кансалідавана і прафесіянальна. Банкаўская сістэма сапраўды стала больш сталай, больш тэхналагічнай, больш устойлівай. Ваша праца, праца вашых калектываў, прафесіяналізм і іх адданасць справе - аснова агульнага поспеху і фінансавага суверэнітэту нашай дзяржавы", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі