Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 лістапада 2019, 13:57

Emaar Properties зоймецца ў Беларусі гасцінічным бізнесам

21 лістапада, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Emaar Properties зоймецца ў Беларусі гасцінічным бізнесам, прапрацоўваюцца таксама праекты ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першы віцэ-прэм'ер расказаў аб адной цікавай дэталі візіту кіраўніцтва кампаніі ў Беларусь. Паводле яго слоў, калі арабская дэлегацыя прыбыла ў Мінск, ім было цяжка размясціцца ў гасцініцы: усе нумары былі заняты, таму прадстаўнікі Emaar Properties засяліліся ў розных атэлях. "Яны гатовы вельмі аператыўна ўзяць нейкі стары будынак гасцініцы, яго мадэрнізаваць, пабудаваць там атэль сучаснага ўзроўню. Гэта той праект, які літаральна на працягу паўгода будзе рэалізаваны", - расказаў Аляксандр Турчын.

Сёння перагаворы з кіраўніцтам Emaar Properties правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Турчын пасля сустрэчы расказаў, што бакі абмяркоўвалі пералік магчымых інвестыцыйных праектаў. "Напрамкі розныя. Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў: сельскую гаспадарку, прамысловасць, дэвелаперскія праекты. Рашэнні пэўныя прыняты. Цяпер гэтыя праекты павінны быць дасканала прапрацаваны, падрыхтаваны тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні. Прэзідэнт гатовы яшчэ раз сустрэцца, каб ужо больш падрабязна абмеркаваць гэтыя рэчы", - адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра. Ён дадаў, што праекты знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці, але "па ўсіх зразумелы рух і тэрміны".

"Для гэтай кампаніі ёсць прапановы з усяго свету, але яны выбралі нашу краіну. Хачу сказаць, што, вядома, у гэтым велізарная заслуга Прэзідэнта. Паверце, многія краіны былі б рады, калі б яны інвесціравалі ў іх", - звярнуў увагу Аляксандр Турчын.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў Emaar Properties Мухамедам Алі Аль-Абарам заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці праектаў у рэальным сектары эканомікі. "Мы гатовы з Эміратамі супрацоўнічаць не толькі ў сферы інтарэсаў вашай кампаніі, але і значна шырэй: у сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Для нас гэта важнейшыя напрамкі, акрамя будаўніцтва, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Таму мы можам абмеркаваць цяпер тыя праекты, якія знаходзяцца ў прапрацоўцы. Але, шчыра вам скажу, што мяне больш цікавяць праекты менавіта ў рэальным сектары эканомікі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі