Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 ліпеня 2020, 16:20

Электракатлы магутнасцю 916 МВт для інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму будуць уведзены да канца года

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Электракатлы сумарнай магутнасцю 916 МВт для інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму будуць уведзены да канца 2020 года, паведаміў сёння журналістам першы намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер ДВА "Белэнерга" Уладзімір Баброў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прынялі шэраг мер па інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму, яны накіраваны ў першую чаргу на павышэнне надзейнасці і выраўноўванне графіка нагрузкі. Для гэтага мы на сваіх аб'ектах уводзім электракатлы магутнасцю 916 МВт. Гэта будзе зроблена ў гэтым годзе", - адзначыў Уладзімір Баброў.

Ён растлумачыў, што ўвод абсталявання сумарнай магутнасцю 760 МВт прадугледжаны на электрычных станцыях, уключаючы Бярозаўскую і Лукомскую ГРЭС, ЦЭЦ і міні-ЦЭЦ. Электракатлы яшчэ 156 МВт увядуць на кацельнях. Асноўны аб'ём будзе ўведзены ў жніўні-лістападзе, на снежань застанецца абсталяванне магутнасцю каля 20 МВт. Наяўнасць электракатлоў дапаможа забяспечыць надзейнасць энергасістэмы з улікам сутачных ваганняў спажывання электраэнергіі.

"Пры гэтым электракатлы на 916 МВт будуць уведзены менавіта на кацельнях і станцыях Міністэрства энергетыкі. Мы паставілі для сябе такую задачу, і яна будзе выканана. У прынцыпе, планы вялікія - размова ідзе пра 1116 МВт", - дадаў Уладзімір Баброў.

Паводле яго слоў, пандэмія каранавіруса ў пэўнай меры паўплывала на запуск новага абсталявання, паколькі былі затрымкі з прыездам з-за мяжы шэф-інжынераў для наладкі закупленага абсталявання. Разам з тым многія аперацыі для запуску ўдалося зрабіць уласнымі сіламі з дапамогай анлайн-кансультацый замежных інжынераў.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам". Запуск першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога - у 2021-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі