Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 жніўня 2020, 15:25

Эксперты ENSREG правядуць партнёрскі агляд нацплана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эксперты Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG) правядуць партнёрскі агляд нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС. Падрыхтоўку да мерапрыемства абмеркавалі ў Дзяржатамнаглядзе ў час відэаканферэнцыі з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі і ENSREG, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржатамнагляду.

Бакі абмеркавалі адміністрацыйныя пытанні арганізацыі і правядзення партнёрскага агляду, які прадугледжвае вывучэнне нацыянальнага плана групай экспертаў ENSREG на чале з кіраўніком рэгулюючага органа ядзернай бяспекі Фінляндыі Петэры Цііпана. Разглядалася таксама фарміраванне пытанняў да нацыянальнага плана, адказы на іх беларускага боку, тэхнічныя кансультацыі еўрапейскіх экспертаў з беларускімі калегамі, візіт экспертаў ENSREG у Беларусь з наведваннем Беларускай АЭС, а таксама падрыхтоўка адпаведнай справаздачы аб партнёрскім аглядзе.

Стрэс-тэсты Беларускай АЭС праведзены ў 2016 годзе. Пасля аварыі на японскай АЭС "Фукусіма" вывучаны магчымасці БелАЭС процістаяць экстрэмальным неспрыяльным прыродным уздзеянням і іх спалучэнню (землетрасенні, цунамі, паводкі і інш).

Партнёрская праверка вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС праведзена ENSREG у 2017-2018 гадах. Дэфіцытаў бяспекі (неадпаведнасцей патрабаванням беларускіх нарматыўных прававых актаў, заснаваных на стандартах бяспекі МАГАТЭ) не выяўлена. Эксперты ENSREG прапанавалі шэраг рэкамендацый, якія датычацца запасаў бяспекі звыш устаноўленых нарматыўнымі дакументамі і стандартамі бяспекі патрабаванняў. Па выніках правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС у 2019 годзе падрыхтаваны адпаведны нацыянальны план дзеянняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі