ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 кастрычніка 2021, 12:24

Экспарт металапрадукцыі праз БУТБ за дзевяць месяцаў вырас у 1,5 раза

Фота з архіва
Фота з архіва

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспартныя продажы металапрадукцыі праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу па выніках дзевяці месяцаў 2021 года павялічыліся ў 1,5 раза - да $25 млн. У натуральным выражэнні экспарт прырос на 27 працэнтаў - да 27,1 тыс. т, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

У структуры здзелак пераважала закупка адходаў і лому чорных і каляровых металаў. На гэтыя пазіцыі прыпала каля 75 працэнтаў экспартных паставак, а буйнейшым пакупніком стала Латвія з сумай здзелак $10,1 млн. Беларускі металалом таксама пастаўляўся ў Германію, Канаду, Літву, Польшчу, Расію, ЗША, Швейцарыю і Эстонію.

Акрамя адходаў металу, высокім попытам на біржавых таргах карысталася стальная арматура і катанка вытворчасці Беларускага металургічнага завода. За студзень - верасень праз БУТБ рэалізавана 8,7 тыс. т гэтай прадукцыі на $6,2 млн. Такім чынам, у натуральным выражэнні продажы выраслі ў два разы, а ў вартасным - у 3,7 раза. Асноўнымі рынкамі збыту былі Латвія і Польшча. Пры гэтым БУТБ чакае паступовага павелічэння долі рэалізацыі металапракату БМЗ. Гэтаму будзе садзейнічаць як цэнавая кан'юнктура на знешніх рынках, так і перспектывы пашырэння геаграфіі біржавых продажаў.

"Пасля даволі рэзкага падзення ў ІІІ квартале цэны на металавырабы ў Еўропе цяпер у цэлым стабілізаваліся. Далейшаму зніжэнню перашкаджае ўстойлівы попыт на метал з боку прадпрыемстваў будаўнічай галіны, а таксама жорсткая цэнавая палітыка металургічных кампаній, якія адмаўляюцца прадаваць сваю прадукцыю танней, спасылаючыся на высокі кошт энергарэсурсаў і ўзрастаючыя транспартныя расходы. Таму магчымасці для нарошчвання аб'ёмаў продажаў беларускага стальнога пракату ў Еўрасаюз па-ранейшаму ёсць. Разам з тым цяпер вядзецца прапрацоўка альтэрнатыўных рынкаў збыту ў рэгіёне Блізкага Усходу. У прыватнасці, пэўныя надзеі мы ўскладаем на Ізраіль. Прыцягненнем патэнцыяльных пакупнікоў ужо займаецца наш ізраільскі брокер. Ён жа, хутчэй за ўсё, возьме на сябе пытанні забеспячэння лагістыкі", - паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

У студзені - верасні 2021 года агульная сума біржавых здзелак па рэалізацыі металапрадукцыі на ўнутраны і знешнія рынкі склала Br1,5 млрд, што на 57 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі