Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 кастрычніка 2019, 14:02

Экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў студзені-жніўні вырас на 6,2 працэнта

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў студзені-жніўні вырас на 6,2 працэнта, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Царык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У студзені-жніўні 2019 года на мяса-малочную прадукцыю прыпала 59,6 працэнта экспарту. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года яе доля ў экспарце павысілася на 1,7 працэнтнага пункта. Валютная выручка ад экспарту мяса-малочнай прадукцыі склала $2,085 млрд (106,2 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года), у тым ліку ад малака і малакапрадуктаў - $1,505 млрд (114,3 працэнта), мяса і мясапрадуктаў - $580 млн (89,8 працэнта)", - удакладніў Іван Царык.

Недабор валютнай выручкі ад экспарту мясной прадукцыі звязаны з абмежаваннем Рассельгаснаглядам паставак беларускай прадукцыі на расійскі рынак. У натуральным выражэнні экспартавана 2,89 млн т малакапрадуктаў (103,2 працэнта да студзеня-жніўня 2018 года) і 225,2 тыс. т мяса і мясапрадуктаў (92,5 працэнта). "Планамернае нарошчванне фізічных аб'ёмаў экспарту малочнай прадукцыі дасягнута дзякуючы рэалізацыі рэспубліканскіх і галіновых праграм, у час якіх праведзена мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў", - адзначыў прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Удзельная вага экспарту ў вытворчасці малака і малакапрадуктаў у цэлым па краіне дасягнула 60,3 працэнта, мяса і мясапрадуктаў - 28 працэнтаў. З малочнай прадукцыі найбольш экспартна арыентаванымі таварамі з'яўляюцца сметанковае масла, сыры, сухое малако і сухая малочная сыроватка, з мясной - ялавічына і мяса птушкі. "Беларусь уваходзіць у пяцёрку буйнейшых сусветных экспарцёраў асноўных відаў малочнай прадукцыі, прычым па масле займае трэці радок сусветнага рэйтынгу, сырах і тварагу - чацвёрты, сухім і абястлушчаным малаку - пяты. Па мясе краіна ўваходзіць у дзясятку лідараў, пры гэтым па ахалоджанай ялавічыне займае сёмы радок сусветнага рэйтынгу, па мясе птушкі - дзявяты", - расказаў Іван Царык.

У студзені-жніўні ў краіны СНД экспартавана малочнай прадукцыі на суму $1,452 млрд (116,4 працэнта да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года), мясной - $555,5 млн (86,7 працэнта). Сярод краін па-за СНД найбольшы аб'ём экспарту малочнай прадукцыі прыпадае на краіны Азіі ($47,7 млн), у ліку асноўных экспарцёраў - Кітай, Манголія, Японія, Філіпіны і Емен. Пастаўкі малака і малакапрадуктаў ажыццяўляліся і ў краіны Афрыкі, Амерыкі, ЕС. "Усяго пастаўкі малочнай прадукцыі ажыццяўляліся ў 51 краіну свету. Асвоены 10 новых рынкаў", - дадаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.

За 8 месяцаў 2019 года ў краіны па-за СНД пастаўлена мясной прадукцыі на суму $24,4 млн, што ў пяць разоў перасягнула аб'ёмы студзеня-жніўня 2018 года. Асноўны аб'ём паставак мяса і мясапрадуктаў па-за СНД прыпадаў на азіяцкія краіны (напрыклад, у Кітай было экспартавана мясной прадукцыі на $22 млн). Пастаўкі мяса і мясапрадуктаў ажыццяўляліся ў 19 краін свету, асвоена пяць новых рынкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі