Сцяг Нядзеля, 8 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 мая 2024, 15:38

Эканоміка дастатку. Як вырасла зарплата беларусаў за апошнія 30 гадоў?

Фота з архіва
Фота з архіва
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева расказала, як змянілася заработная плата беларусаў за апошнія 30 гадоў, колькі сёння грошай мы трацім на харчаванне і якіх прадуктаў сталі менш ужываць, на якім узроўні беспрацоўе і колькі кватэр пабудавана з 1994-га.

Кіраўнік дзяржавы, выступаючы на VII Усебеларускім народным сходзе, адзначыў, што ў сярэднім на кожнага жыхара Беларусі прыпадае па тысячы долараў зберажэнняў.

- Толькі ў банках, паводле даных на пачатак гэтага месяца, на рахунках насельніцтва захоўваецца амаль, гэтыя даныя можна праверыць, 30 мільярдаў рублёў. У сярэднім гэта прыкладна па тысячы долараў на кожнага жыхара краіны. І дома, думаю, пад падушкай, як у народзе кажуць, схавана на чорны дзень. "Бедна" жывём! - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі сярэдняя зарплата ў доларавым эквіваленце за 30 гадоў вырасла ў 30 разоў: з 21 долара ў 1994 годзе да 634 долараў у 2023-м. Значна павялічылася зарплата ў бюджэтнай сферы. Па асобных катэгорыях работнікаў яна перавышае сярэднерэспубліканскі ўзровень. Так, урачы атрымліваюць у 1,5 раза больш, чым сярэдняя зарплата па краіне.

- Сёння праца насельніцтва стала больш інтэлектуальнай, - адзначае Іна Мядзведзева. - Каля паловы работнікаў заняты ў высокатэхналагічных і навукаёмістых галінах. У многіх сферах дзейнасці ў значнай ступені ўкаранёны новыя тэхналогіі, інавацыйныя распрацоўкі. Яшчэ нейкіх 30 гадоў таму 75 працэнтаў работнікаў займаліся індустрыяльнай, цяжкай фізічнай працай.

Дарэчы, колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй у параўнанні з пачаткам 90-х гадоў узрасла ў два разы, і сёння яе мае кожны трэці беларус. Змяніліся формы і спосабы арганізацыі працы, замацаваныя ў заканадаўстве. З'явіліся аддаленыя, мабільныя, віртуальныя рабочыя месцы, развіваецца самазанятасць, фрыланс, платформавая занятасць.

- Сацыяльна-канструктыўны эфект працы праяўляецца ў тым, што расце не толькі даход на душу насельніцтва, але і павялічылася працягласць жыцця, - падкрэслівае Іна Мядзведзева. - Дзяржава заўсёды выступала гарантам заўтрашняга дня работніка. У нашай краіне масавыя звальненні ніколі не былі шляхам вырашэння праблемы прадпрыемства. Таму ў нас адзін з самых нізкіх у свеце ўзровень беспрацоўя - 3,5 працэнта, у тым ліку сярод моладзі.
Паводле статыстычных даных, 30 гадоў таму кожны другі беспрацоўны меў узрост да 29 гадоў. Сёння ж вострая праблема з маладзёжным беспрацоўем адсутнічае.

- Паляпшэнне якасці жыцця мае і яшчэ адзін эфект, - расказвае старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта. - Самарэалізацыя, упэўненасць у будучым і бяспека павышаюць узровень спагадлівасці людзей. Шчаслівы чалавек выказвае дабрыню і клопат да чужых праблем. Палова беларускіх валанцёраў аказвае дапамогу жывёлам, больш за 20 працэнтаў займаюцца сацыяльнымі работамі і добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

З сярэдзіны 90-х гадоў рэальныя грашовыя даходы беларусаў з улікам інфляцыйных працэсаў павялічыліся больш як у 10 разоў (у 10,3 раза да 1995 года).

- Для нашай краіны характэрны нізкі ўзровень сацыяльнага расслаення насельніцтва па даходах, - тлумачыць субяседніца. - Напрыклад, у Беларусі даходы 20 працэнтаў найбольш забяспечанага насельніцтва перавышаюць даходы 20 працэнтаў найменш забяспечанага насельніцтва ў чатыры разы. У гэты ж час у ЗША, Вялікабрытаніі, Літве, Латвіі, Італіі гэта разбежка ў шэсць і больш разоў.

За апошнія 30 гадоў доля насельніцтва з узроўнем сярэднедушавых наяўных даходаў ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (нацыянальную рысу малазабяспечанасці) скарацілася больш як у 10 разоў. У 2023 годзе толькі 3,6 працэнта нашых грамадзян афіцыйна адносіліся да катэгорыі малазабяспечаных - самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Сёння 84 працэнты беларускіх сем'яў адносяць сябе да класа з сярэднім і вышэйшым за сярэдні дастаткам.

- Павышэнне ўзроўню жыцця паўплывала на спажывецкія перавагі насельніцтва, - адзначае Іна Мядзведзева. - Калі ў 1995-м на харчаванне ішло амаль дзве трэці спажывецкіх расходаў, то ў 2023 годзе - менш за 40 працэнтаў. Пры гэтым палепшыўся рацыён харчавання. Спажыванне мяса і мясных прадуктаў, рыбы і рыбных прадуктаў павялічылася ў 1,6 раза, фруктаў - у 2,3 раза. А таксама знізіўся ўзровень спажывання бульбы на 56 працэнтаў, хлеба і хлебабулачных вырабаў - на 42 працэнты.

Скарачэнне долі расходаў на харчаванне прывяло да росту фінансавых магчымасцей сем'яў у набыцці нехарчовых тавараў і карыстанні рознымі паслугамі, уключаючы культурна-адукацыйную сферу.

- Сёння амаль усе беларускія сем'і выкарыстоўваюць сучасную бытавую тэхніку, якая аблягчае дамашнія справы. Гэта вельмі адрозніваецца ад сітуацыі 30-гадовай даўнасці, - падкрэсліла спікер. - Персанальнымі камп'ютарамі валодае больш за 70 працэнтаў сем'яў, у той час як у пачатку 2000-х гадоў такіх сем'яў было менш за 2 працэнты.

Рост даходаў і павышэнне ўзроўню жыцця пазітыўна паўплывала на ашчадную актыўнасць беларусаў.

- Сёння больш за 68 працэнтаў сем'яў маюць магчымасць рабіць зберажэнні, - прыводзіць лічбы Іна Мядзведзева. - Гэта ў тры разы больш, чым у сярэдзіне дзевяностых. Так, у 1996-м толькі 21,4 працэнта мелі такую магчымасць. І калі ў тыя гады на накапленні сем'і трацілі не больш за 3 працэнты ад агульнага аб'ёму сваіх даходаў, то ў 2023 годзе - 13,4 працэнта.

З 1994 па 2023 год у Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю 122,5 млн кв.м жылля. За гэты час з ліку маючых патрэбу, што знаходзяцца на ўліку, палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 955,9 тыс. сем'яў, у тым ліку і адзінокія грамадзяне.

- Улічваючы сацыяльную накіраванасць жыллёвай палітыкі дзяржавы, пад асаблівым кантролем знаходзіцца будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў, - падкрэслівае Іна Мядзведзева. - За апошнія 18 гадоў для гэтай катэгорыі грамадзян пабудавана 8,6 млн жылых квадратаў, пры гэтым больш за палову з іх - за апошнія 6 гадоў.

Забяспечанасць насельніцтва ўласным жыллём у разліку на аднаго беларуса ўзрасла з 19,6 кв.м агульнай плошчы ў 1994 годзе да 29,9 кв.м - у 2023-м. Сёння па забяспечанасці насельніцтва жыллём наша краіна займае адно з лідзіруючых месцаў у СНД. Працэнт грамадзян, якія пражываюць у добраўпарадкаваных кватэрах і дамах, вырас з 63 працэнтаў (1995 год) да 94 працэнтаў у 2023 годзе. Як бачым, рост - у 1,5 раза. У сельскай мясцовасці гэты паказчык павялічыўся наогул утрая. Доля сем'яў, якія задаволены жыллёвымі ўмовамі, складае 87 працэнтаў.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, з 2015 года астаткі сродкаў насельніцтва на рахунках і ва ўкладах з некаторай валацільнасцю маюць трэнд іх росту. У цэлым з пачатку 2015-га па стане на 1 красавіка бягучага года сродкі насельніцтва павялічыліся больш як у 2 разы (на 16 млрд рублёў), склаўшы амаль 30 млрд рублёў.

Аляксей ГАРБУНОЎ,
газета "7 дней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі