16 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Эканамічныя адносіны Беларусі і краін Еўрапейскага саюза развіваюцца ў станоўчым ключы, заявіў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У цэлым можна канстатаваць, што эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і ЕС апошнія паўтара-два гады развіваюцца ў станоўчым ключы. Цікавасць Еўрапейскага саюза ў адносінах да Беларусі як да прамысловай пляцоўкі, эканамічнага партнёра можна прасачыць па колькасці дэлегацый з еўрапейскіх краін, што за гэты перыяд істотна ўзрасла", - адзначыў Петэр Дэтмар.
Ён канстатаваў, што 2015 і 2016 гады былі няпростымі, назіраўся спад у гандлёва-эканамічным узаемадзеянні Беларусі і ЕС. "Але цяпер рост аднавіўся, тавараабарот паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам вырас", - сказаў пасол.
Петэр Дэтмар падкрэсліў, што ў прапрацоўцы знаходзяцца адразу некалькі інвестыцыйных праектаў. "Але ад перагавораў і прыняцця рашэння аб інвестыцыях да рэалізацыі праектаў павінен прайсці час. І гэта не асаблівасць адносін ЕС з Беларуссю - так адбываецца ва ўсім свеце", - растлумачыў ён.-0-