Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 мая 2019, 18:57

Эфектыўнасць расходавання бюджэту СД абмяркуюць на VI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эфектыўнасць расходавання сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы абмяркуюць на VI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі па выніках пасяджэння беларускай часткі аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму, якое адбылося сёння пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Савета Рэспублікі, сустаршыні аргкамітэта Мар'яны Шчоткінай.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі - гэта добрая пляцоўка для дыялогу, дзе адкрыта абмяркоўваюцца і праблемныя пытанні, адзначыла Мар'яна Шчоткіна. Сярод тэм для дыскусіі - эфектыўнасць расходавання сродкаў Саюзнай дзяржавы. "На нашу думку, праектаў недастаткова, у бюджэце Саюзнай дзяржавы ёсць прафіцыт, - сказала віцэ-спікер. - Чаму мы не можам прапрацаваць сумесныя праекты? Для гэтага мы павінны перш за ўсё прааналізаваць тыя, што ўжо ёсць. Безумоўна, будуць прапанаваны і новыя".

На маючым адбыцца форуме таксама будзе вынесена на разгляд пытанне аб развіцці транзітнага патэнцыялу і мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры Саюзнай дзяржавы. "Пытанне даволі складанае, над ім будуць працаваць міністэрствы транспарту дзвюх краін. На форуме кожны з бакоў прадставіць сваё бачанне, будуць выпрацаваны агульныя пазіцыі", - дадала Мар'яна Шчоткіна.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі ўпэўнена, што да разгляду двухбаковага парадку дня важна падключаць моладзь. "У яе таксама ёсць свае ініцыятывы. І калі ёсць выпрацаваныя прапановы, мы абавязкова іх падтрымаем", - запэўніла яна.

Адказваючы на пытанні журналістаў аб агульнай суме плануемых да падпісання кантрактаў, Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што ў гэтым пытанні ніхто не гоніцца за колькасцю. "Гэта не спаборніцтва. Усе мы ведаем, што не заўсёды колькасць пераходзіць у якасць. Задача ў тым, каб была змястоўнасць, канкрэтнае напаўненне кантрактаў і пагадненняў", - рэзюмавала віцэ-спікер.

VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 17-18 ліпеня. Традыцыйна цэнтральным мерапрыемствам стане пленарнае пасяджэнне, у якім плануецца ўдзел кіраўнікоў дзяржаў. У бягучым годзе тэмай пленарнага пасяджэння стануць міжрэгіянальныя сувязі як аснова фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы народаў Беларусі і Расіі. Будуць падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі дзвюх краін, камерцыйныя кантракты, іншыя дакументы аб партнёрстве.

Секцыі форуму пройдуць па некалькіх тэматычных напрамках. Будуць абмяркоўвацца рэалізацыя сумесных маладзёжных праектаў, узаемадзеянне рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў стварэнні агульнай інфармацыйнай прасторы ў мэтах умацавання культурных і гуманітарных сувязей Саюзнай дзяржавы, а таксама развіццё супрацоўніцтва ў турызме, адукацыі і г.д.

Акрамя таго, на палях форуму адбудзецца круглы стол, на якім абмяркуюць перспектывы развіцця Саюзнай дзяржавы. Важнай часткай праграмы стане пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Беларусі і Савета Федэрацыі Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Спікеры верхніх палат парламентаў Міхаіл Мясніковіч і Валянціна Мацвіенка сустрэнуцца з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады рэгіёнаў Беларусі і суб'ектаў Расіі. Асаблівая ўвага на форуме будзе ўдзелена пытанням узаемадзеяння бізнес-колаў. Перспектывы дзелавога супрацоўніцтва разгледзяць удзельнікі пашыранага пасяджэння нацыянальных дзелавых саветаў. У Санкт-Пецярбургу запланаваны таксама форум моладзі дзвюх краін, пасяджэнне савета Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Вынікі работы секцый і пленарнага пасяджэння будуць адлюстраваны ў падагульняючым дакуменце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі