21 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі сёння зацвердзіла новую рэдакцыю праграмы па распрацоўцы міждзяржаўных стандартаў да тэхнічнага рэгламента "Аб бяспецы харчовай прадукцыі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.
"Праграма прадугледжвае распрацоўку 58 новых міждзяржаўных стандартаў: адзін з іх замацаваны за Беларуссю, за Кыргызстанам - 18, Казахстанам - 9, Расіяй - 30, - адзначылі ў ЕЭК. - Гэтыя міждзяржаўныя стандарты будуць падрыхтаваны для ідэнтыфікацыі асобных відаў харчовай прадукцыі (хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, мясной, агародніннай, чайнай прадукцыі і шэрага іншых)".
Акрамя таго, для правядзення даследаванняў пры ацэнцы адпаведнасці патрабаванням тэхрэгламенту будуць распрацаваны міждзяржстандарты на метады вызначэння макра- і мікранутрыентаў у біялагічна актыўных дабаўках, санітарна-паразіталагічнай экспертызы для пладова-агародніннай, пладова-ягаднай і расліннай прадукцыі, а таксама на метады вызначэння антыбіётыкаў, хлорарганічных пестыцыдаў, прабіятычных мікраарганізмаў, ферапрымесей у харчовай прадукцыі.
"Новая рэдакцыя праграмы таксама прадугледжвае ўнясенне змяненняў у 45 міждзяржаўных стандартаў, 44 з якіх будуць распрацаваны Расіяй і адзін - Беларуссю. Праграма падрыхтавана ў адпаведнасці з прапановамі краін ЕАЭС, а таксама з улікам рэалізацыі дзеючай рэдакцыі праграмы", - дадалі ў прэс-службе.-0-