Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 снежня 2019, 09:00

ЕБРР можа прафінансаваць рэканструкцыю мастоў у рэгіёнах Беларусі

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця можа выдзеліць сродкі на рэканструкцыю мастоў у рэгіёнах. Аб гэтым у інтэрв'ю на тэлеканале СТБ расказаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі, паведамляе БЕЛТА.

Гаворачы аб інфраструктурных праектах, якія рэалізуюцца ў Беларусі з падтрымкай ЕБРР, прадстаўнік банка адзначыў, што сярод іх ёсць падобныя: "У нас ёсць цяпер цэлы партфель гэтых праектаў. І некаторыя паўтараюцца. Напрыклад, прафінансуем масты рэспубліканскага ўзроўню, а ёсць масты муніцыпальныя. Мы таксама разглядаем патэнцыяльны праект з муніцыпальнымі мастамі".

Таксама ў Беларусі пры падтрымцы ЕБРР ужо запушчаны праект па рэканструкцыі аўтадарогі М10. Паводле слоў Аляксандра Піваварскага, пасля фарміравання канчатковага спіса магчымых прыватных партнёраў урад выбера сярод іх пераможцу. "У прынцыпе, да канца наступнага года, напэўна, гэта магчыма зрабіць", - дадаў ён.

Аляксандр Піваварскі адзначыў, што банк задаволены дынамікай супрацоўніцтва ў Беларусі. "Беларусь - партнёр надзейны, прадказальны. Калі нешта абяцаюць - тут заўсёды выконваюць", - падкрэсліў ён.

Як паведамлялася, 3 снежня па выніках сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з першым віцэ-прэзідэнтам ЕБРР Юргенам Рыгтэрынкам было падпісана крэдытнае пагадненне. Згодна з дакументам, ЕБРР выдзяляе 259 млн еўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3.

Першы кампанент пагаднення прадугледжвае рэканструкцыю 12 мастоў на рэспубліканскіх аўтадарогах з фінансаваннем у памеры 126 млн еўра. Чакаецца, што рэканструкцыю могуць пачаць ужо ў 2020 годзе пасля правядзення неабходных працэдур.

Другі транш у памеры 133 млн еўра прызначаны для мадэрнізацыі трасы M3, якая злучае Мінск з Віцебскам. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю 47-кіламетровага ўчастка трасы.

ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 69 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. ЕБРР з'яўляецца буйнейшым інстытуцыянальным інвестарам у эканоміку Беларусі. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР праінвесціраваў амаль 2,7 млрд еўра ў 119 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі