Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 снежня 2020, 12:19

ЕАБР: для лічбавізацыі эканомікі неабходна міжнароднае супрацоўніцтва і агульныя стандарты

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для лічбавізацыі эканомікі неабходна міжнароднае супрацоўніцтва і агульныя стандарты. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Тыгран Саркісян у час першага Еўразійскага кангрэса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер няпросты час: адбываюцца фундаментальныя змяненні, фарміруецца новы гаспадарчы ўклад. Многія яшчэ не ўсведамляюць глыбіню гэтых змяненняў. Мы жывём у інерцыі старых уяўленняў аб эканоміцы і часта марым аб тым, каб вярнулася стабільнасць. Але трэба змірыцца з тым, што нам і нашым дзецям давядзецца жыць у зменлівым свеце і вучыцца гэтаму. Лічбавізацыя - адна з форм праяўлення гэтых змяненняў", - сказаў Тыгран Саркісян.

Сучасны свет перайшоў у плоскасць канкурэнцыі ў сферы ведаў. "І мы таксама павінны быць гатовы да гэтага спаборніцтва. Невыпадкова наш банк прыярытэтным напрамкам сваёй дзейнасці лічыць аказанне дапамогі краінам-удзельніцам у ажыццяўленні лічбавай трансфармацыі. Гэта нялёгкі шлях, але нас аб'ядноўвае разуменне таго, што гэты глабальны выклік нам трэба пераадольваць сумеснымі намаганнямі", - падкрэсліў намеснік старшыні праўлення ЕАБР.

Ён звярнуў увагу, што неэфектыўна праводзіць лічбавізацыю толькі ў межах адной краіны. "Неабходна распрацоўваць такія лічбавыя рашэнні і прадукты, якія будуць запатрабаваны і ў суседніх краінах і дадуць магчымасць выбудаваць нармальную інфраструктуру для ўзаемнага гандлю, для кааперацыйных праектаў. Закрыццца ў рамках адной дзяржавы проста немагчыма. Немагчыма і распрацоўваць стандарты ў сферы лічбавізацыі толькі для адной краіны. Стандарты павінны быць міжнароднымі, зразумелымі для ўсіх, каб забяспечыць інтэраперабельнасць", - перакананы Тыгран Саркісян.

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года для садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР складае $7 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Лічбавізацыя становіцца адным з ключавых напрамкаў праектнай дзейнасці ЕАБР. Створаны Фонд лічбавых ініцыятыў для падтрымкі трансгранічных лічбавых праектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі