Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 кастрычніка 2020, 17:01

Дзве трэці агародніны ў Беларусі вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзве трэці агародніны ў Беларусі вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках, паведаміў дырэктар Інстытута агародніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Чайкоўскі ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Больш за дзве трэці валавога збору агародніны ў краіне атрымліваюць у асабістых падсобных гаспадарках. Тут правільную работу праводзіць Белкаапсаюз, які скупляе прадукцыю ў насельніцтва і ўключае ў абарот. Гэта добрая падмога для харчовай бяспекі нашай краіны. Яшчэ адна трэць агародніны вырошчваецца на прамысловай аснове - у сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках. Яны маюць высокую таварнасць, выкарыстоўваюцца на ўнутраным рынку і пастаўляюцца за мяжу", - сказаў Андрэй Чайкоўскі.

Селекцыянеры Інстытута агародніцтва НАН вядуць бесперапынную работу па стварэнні новых сартоў агароднінных, бахчавых і іншых культур. "Пры стварэнні сартоў і гібрыдаў вялікая ўвага ўдзяляецца смакавым якасцям, устойлівасці да ўзбуджальнікаў і хвароб, прыдатнасці да традыцыйных спосабаў перапрацоўкі (салення, квашання), а таксама магчымасці доўгага захоўвання", - адзначыў вучоны.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута пладаводства НАН Беларусі Анатоль Крыварот адзначыў, што вучоныя працуюць таксама над пашырэннем асартыменту пладова-ягаднай прадукцыі для беларускага спажыўца. У Інстытуце выведзены новыя сарты глогу, актынідыі, бружмелю. Нядаўна адбылося пасяджэнне вучонага савета, дзе рэкамендавалі да праходжання выпрабаванняў і ўключэння ў рэестр новага сорту персіка. У Беларусі таксама створаны айчынныя сарты фундука "лал" і "яшма". "Акрамя таго, для пашырэння перыяду спажывання прывычных ужо нам культур мы праводзім работу з раннімі і суперпознімі сартамі. Напрыклад, перадалі для выпрабаванняў сорт яблыкаў, які рана выспявае, - першую прадукцыю можна атрымліваць ужо ў пачатку ліпеня", - дадаў намеснік дырэктара.

Што датычыцца перапрацоўчай галіны, яе навуковым суправаджэннем займаецца НПЦ НАН па харчаванні. Паводле слоў начальніка аддзела тэхналогій кансервавання прадуктаў харчавання НПЦ па харчаванні Людмілы Паўлоўскай, у цэнтры за апошнія 10-15 гадоў распрацаваны 42 дзяржаўныя стандарты, адзін міждзяржаўны стандарт і 44 тэхнічныя ўмовы для галіны. НПЦ таксама займаецца распрацоўкай новых тэхналогій перапрацоўкі і ўкараненнем іх на прадпрыемствах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі