Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лістапада 2021, 14:52

Дзяржстандарт: якасць - вызначальны арыенцір канкурэнтнай устойлівасці эканомікі

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якасць з'яўляецца вызначальным арыенцірам канкурэнтнай устойлівасці эканомікі краіны ў цэлым і кожнай арганізацыі паасобку. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі Аляксандр Бурак у прывітальным слове падчас стрым-моста "Якасць 2021-2025" з удзелам прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў, падведамных арганізацый камітэта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Якасць - гэта найважнейшая задача нашай эканамічнай палітыкі. У сучасных няпростых умовах, якія характарызуюцца агрэсіўнай глабальнай канкурэнцыяй, узмацненнем сусветных гандлёва-эканамічных сувязей, хуткай зменай тэхналогій, істотным скарачэннем тэрмінаў вываду прадукцыі на рынак, - менавіта якасць з'яўляецца вызначальным арыенцірам канкурэнтнай устойлівасці эканомікі краіны ў цэлым і кожнай арганізацыі паасобку", - сказаў Аляксандр Бурак.

Як адзначыў намеснік старшыні, быць лідарам могуць толькі тыя кампаніі, якія выбудоўваюць стратэгію свайго развіцця на аснове якасці ва ўсіх сферах дзейнасці - у планаванні, кіраванні, арганізацыі вытворчасці, а таксама ў падрыхтоўцы персаналу. "У нашай краіне ёсць такія прадпрыемствы-лідары. Яны бяруць на ўзбраенне сучасныя прынцыпы, ідэі, дэманструюць упэўненае валоданне эфектыўнымі метадамі менеджменту, высокую рэзультатыўнасць і ўстойлівае развіццё, займаюць актыўную пазіцыю па ўкараненні міжнародных, еўрапейскіх стандартаў, паспяхова асвойваюць новыя рынкі збыту, развіваюць экспарт, тым самым напаўняючы паняцце беларускай якасці новым сэнсам у адпаведнасці з тэндэнцыямі сучаснага развіцця, - падкрэсліў ён. - Інавацыйная дзейнасць гэтых арганізацый садзейнічае рэалізацыі першачарговых задач: развіццю нашай дзяржавы, дасягненню Мэт устойлівага развіцця, укараненню інфармацыйных тэхналогій, забеспячэнню экалагічнай бяспекі і пераходу да рацыянальных мадэлей вытворчасці і спажывання, лічбавай трансфармацыі эканомікі".

Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы пастаянна адзначае, што неабходна выходзіць на новы больш высокі тэхналагічны ўзровень прамысловасці ва ўсіх сферах, умець не толькі працаваць у складаных і непрадказальных умовах, але і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя, шукаць формы і інструменты, якія забяспечаць выкананне галоўнай мэты - дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя. "Перад намі і арганізацыямі краіны стаіць вырашэнне такіх найважнейшых, узаемазвязаных задач, як дыверсіфікацыя рынкаў, імпартазамяшчэнне, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі, а таксама дасягненне канкурэнтнай цаны і якасці, каб спажывец зрабіў выбар на карысць айчыннага якаснага тавару", - акцэнтаваў увагу прадстаўнік Дзяржстандарту.

На заканчэнне Аляксандр Бурак выказаў словы падзякі і ўдзячнасці ўсім спецыялістам, якія працуюць як у сістэме Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, так і ў розных галінах эканомікі, за канструктыўны прафесійны дыялог, падчас якога выпрацоўваюцца рашэнні і алгарытмы, каб надаць беларускай якасці новыя грані і магчымасці. Ён пажадаў новых прафесійных поспехаў, творчых ідэй, упэўненага развіцця, надзейнага партнёрства, а таксама моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

У 2021 годзе Сусветны дзень якасці адзначаецца 11 лістапада (другі чацвер месяца). Еўрапейскі тыдзень якасці праходзіць з 8 па 14 лістапада пад дэвізам "З якасцю - да заваявання новых рубяжоў". У Беларусі якасць - прыярытэт дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Вектары гэтай работы абазначаны ў прынятай на ўзроўні ўрада праграме "Якасць 2021-2025". Яны цесна ўвязаны з праграмнымі дакументамі развіцця краіны і еўразійскай эканамічнай інтэграцыі ў бягучай пяцігодцы.

У рэспубліцы сфарміравана і пастаянна ўдасканальваецца нацыянальная інфраструктура якасці. Дзяржстандарт скаардынавана развівае яе ключавыя элементы - тэхнічнае нарміраванне і стандартызацыю, адзінства вымярэнняў, ацэнку адпаведнасці, акрэдытацыю, сістэмны менеджмент і павышэнне кампетэнтнасці ў галіне якасці. Асноўнымі арыенцірамі ў гэтых напрамках дзейнасці з'яўляюцца забеспячэнне бяспекі, якасці, надзейнасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, садзейнічанне інавацыям і аптымізацыі рэсурсаў, зніжэнне тэхнічных бар'ераў у гандлі, абарона інтарэсаў спажыўцоў, а таксама міжнароднае прызнанне і давер. Раздзелы па якасці ўключаны ў праграмы развіцця галін і далей у бізнес-планы прадпрыемстваў. Такі скразны падыход прызначаны забяспечыць беларускай якасці новыя пункты росту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі