Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 лістапада 2021, 13:07

Дзяржстандарт актывізуе работу па прыцягненні спецыялістаў прамысловасці да работы МЭК

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржстандарт актывізуе работу па прыцягненні спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прамысловых прадпрыемстваў, іншых арганізацый да ўдзелу ў дзейнасці нацыянальнага камітэта Міжнароднай электратэхнічнай камісіі (МЭК) Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе камітэта.

МЭК - вядучая міжнародная арганізацыя па распрацоўцы і публікацыі міжнародных стандартаў, тэхнічных умоў і справаздач, спецыфікацый і інструкцый (непасрэдная падрыхтоўка гэтых дакументаў ажыццяўляецца тэхнічнымі камітэтамі і падкамітэтамі МЭК), а таксама па ацэнцы і пацвярджэнні адпаведнасці прадукцыі патрабаванням міжнародных стандартаў для свабоднага перамяшчэння электрычных, электронных і звязаных з імі тэхналогій.

Цяпер членамі МЭК з'яўляюцца 88 нацыянальных камітэтаў. Беларусь, прадстаўленая Дзяржстандартам, - паўнапраўны член МЭК з 1993 года, удзельнічае ў рабоце 92 тэхнічных камітэтаў і падкамітэтаў МЭК. Старшынёй нацыянальнага камітэта МЭК Беларусі з'яўляецца старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі.

"Удзел у рабоце МЭК садзейнічае аператыўнаму ўкараненню міжнародных патрабаванняў у дзяржаўныя стандарты, забяспечвае цесную каардынацыю работ па нацыянальнай стандартызацыі з работай тэхнічных камітэтаў (падкамітэтаў) МЭК, дае магчымасць скараціць час на атрыманне інфармацыі аб сучасных тэхнічных патрабаваннях для доступу прадукцыі на знешнія рынкі і ўзмацніць канкурэнтныя перавагі, а таксама мець магчымасць уплываць на змест міжнародных стандартаў, якія распрацоўваюцца", - расказалі ў прэс-службе.

На сёння электратэхнічная прадукцыя - аб'ект шэрага тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Беларусі. У іх ліку ТР МС 004/2011 "Аб бяспецы нізкавольтнага абсталявання", ТР МС 010/2011 "Аб бяспецы машын і абсталявання", ТР МС 020/2011 "Электрамагнітная сумяшчальнасць тэхнічных сродкаў".

Электратэхнічная прадукцыя медыцынскага прызначэння таксама з'яўляецца аб'ектам тэхнічнага рэгулявання пагаднення аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння медыцынскіх вырабаў (вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі) у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ад 23 снежня 2014 года.

У прэс-службе адзначылі, што ўсе вышэйназваныя дакументы ўстанаўліваюць толькі агульныя патрабаванні да прадукцыі. Канкрэтныя патрабаванні да яе змешчаны ў стандартах, уключаных у пералікі стандартаў, узаемазвязаных з тэхнічнымі рэгламентамі. Пры гэтым стандарты, уключаныя ў пералікі, гарманізаваны са стандартамі МЭК практычна на 80 працэнтаў.

"Нізкая зацікаўленасць работай тэхнічных камітэтаў і падкамітэтаў МЭК з боку спецыялістаў айчынных арганізацый не заўсёды дазваляе суб'ектам Беларусі своечасова падрыхтавацца да ўстаноўленых міжнародных патрабаванняў, загадзя ўнесці змяненні ў канструкцыю электратэхнічных вырабаў або даабсталяваць свае выпрабавальныя магутнасці. Такім чынам, практычнае ўкараненне міжнародных патрабаванняў неапраўдана зацягваецца, што ў сваю чаргу зніжае канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадпрыемствамі прадукцыі на знешніх рынках", - звярнулі ўвагу ў камітэце.

У сувязі з гэтым Дзяржстандарт прапануе зацікаўленым рэспубліканскім органам дзяржкіравання, прамысловым прадпрыемствам і іншым арганізацыям правесці аналіз пераліку тэхнічных камітэтаў і падкамітэтаў МЭК, уключаючы галіну іх дзейнасці, праграму работ і публікацыі, для вызначэння свайго ўдзелу ў іх дзейнасці.

Прапановы можна накіроўваць сакратару нацыянальнага камітэта МЭК Беларусі, намесніку дырэктара па ацэнцы адпаведнасці БелДІМ Аляксандры Шаўцовай-Ронінай па e-mail: ronina@belgim.by.

Актывізацыя ўдзелу беларускіх спецыялістаў у рабоце МЭК будзе садзейнічаць рэалізацыі напрамкаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, праграмы "Якасць 2021-2025", комплексных праграм развіцця галін эканомікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі