Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 мая 2020, 17:29

Дзяржкаммаёмасці растлумачыла новаўвядзенні па ўліку і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па маёмасці растлумачыў новаўвядзенні па ўдасканаленні ўліку і кіравання дзяржмаёмасцю, якія прадугледжаны ўказам ад 18 мая 2020 года нумар 168 "Аб Адзіным рэестры маёмасці", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе камітэта.

На сённяшні дзень у адпаведнасці з указам ад 16 лютага 2012 года нумар 68 у краіне створаны і паспяхова функцыянуе Адзіны рэестр дзяржаўнай маёмасці, які змяшчае звесткі аб аб'ектах дзяржуласнасці. У яго ўключана інфармацыя пра больш як 1,8 тыс. рэспубліканскіх і 12,6 тыс. камунальных юрыдычных асоб, 1 тыс. гаспадарчых таварыстваў, якім перададзена ў бязвыплатнае карыстанне дзяржмаёмасць, а таксама пра больш як 970 тыс. аб'ектаў нерухомай маёмасці.

З улікам развіцця сучасных тэхналогій указам нумар 168 удасканальваюцца правілы ўліку маёмасці. Галоўныя яго навацыі - гэта, па-першае, стварэнне на аснове дзеючага рэестра сучаснай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы "Адзіны рэестр маёмасці". "Акрамя змешчанай цяпер у рэестры інфармацыі адносна дзяржмаёмасці ў ім будуць адлюстроўвацца даныя аб маёмасці, што знаходзіцца ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, аб жылых дамах, памяшканнях дзяржаўнага жыллёвага фонду, аб дагаворах арэнды (найму) дзяржмаёмасці ў частцы звестак аб памерах арэнднай платы і плацяжоў у бюджэт, дагаворах найму, аб фактычным стане выкарыстання маёмасці, а таксама аб маёмасці, што створана за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы і знаходзіцца на тэрыторыі краіны", - адзначылі ў камітэце.

Акрамя таго, у рэестр будуць уключацца звесткі аб усіх зямельных участках, на якіх размешчана дзяржмаёмасць, маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, а таксама зямельных участках, прадастаўленых дзяржарганізацыям і такім гаспадарчым таварыствам для будаўніцтва аб'ектаў.

Па-другое, змяненне падыходаў да вядзення адзінага рэестра. Да прыняцця ўказа звесткі па аб'ектах рэспубліканскай уласнасці ўносіліся Дзяржкаммаёмасцю, а камунальнай уласнасці - яе тэрытарыяльнымі органамі і выканаўчымі камітэтамі па месцы знаходжання маёмасці на аснове звестак, прадастаўленых праваўладальнікамі. На практыцы гэты працэс займаў некалькі тыдняў.

"Указам нумар 168 правам на ўнясенне інфармацыі ў адзіны рэестр і яе актуалізацыю надзелены самі праваўладальнікі - рэспубліканскія і камунальныя юрыдычныя асобы, а таксама гаспадарчыя таварыствы з удзелам дзяржавы і рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні, - растлумачылі ў камітэце. - Гэта будзе рабіцца імі ў рэжыме рэальнага часу, што дасць магчымасць забяспечыць максімальную актуальнасць даных, пазбегнуць папяровага дакументаабароту і справаздачнасці, а таксама атрымліваць разнастайную інфармацыю з рэестра ў любы час". Доступ да адзінага рэестра арганізуецца на бязвыплатнай аснове, а сам працэс унясення даных будзе максімальна аўтаматызаваны. Дакладнасць звестак, што ўносяцца, будзе падтрымлівацца праграмным забеспячэннем і правядзеннем пастаяннага маніторынгу Дзяржкаммаёмасцю і яе тэрытарыяльнымі органамі.

Па-трэцяе, забарона на распараджэнне маёмасцю, звесткі аб якой уключаюцца ў адзіны рэестр, а таксама яе спісанне без дабаўлення даных пра яе. "У адпаведнасці з прынятым указам распараджэнне маёмасцю, звесткі аб якой уключаюцца ў адзіны рэестр, і яе спісанне юрыдычнымі асобамі змогуць ажыццяўляцца толькі пасля ўключэння інфармацыі пра яе ў гэты рэестр", - растлумачылі ў Дзяржкаммаёмасці.

Адзіны рэестр прызначаны стаць адзіным інфармацыйным рэсурсам, які змяшчае актуальныя звесткі аб прыналежнай дзяржаве маёмасці, што садзейнічае далейшаму павышэнню эфектыўнасці кіравання ёй.

Комплексная мадэрнізацыя дзеючага рэсурсу будзе завершана Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і падпарадкаваным яму Нацыянальным кадастравым агенцтвам да 1 ліпеня 2022 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі