Сцяг Серада, 14 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 сакавіка 2025, 15:45

Дзярждума РФ ратыфікавала пагадненне з Беларуссю аб міжнародных аўтамабільных перавозках

Фота з архіва
Фота з архіва
25 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума Расіі 25 сакавіка на пленарным пасяджэнні аднагалосна ратыфікавала беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пагадненне было заключана 18 жніўня 2023 года ў Маскве. Беларускі бок завяршыў ратыфікацыйныя працэдуры па дакуменце 6 студзеня 2024 года.

Пагадненне рэгламентуе пытанні перавозкі пасажыраў і грузаў па тэрыторыях Беларусі і Расіі беларускімі і расійскімі суб'ектамі гаспадарання. "У адпаведнасці з гэтым пагадненнем ажыццяўляюцца міжнародныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў і грузаў паміж дзяржавамі бакоў, транзітам па іх тэрыторыях, з тэрыторыі трэцяй дзяржавы або на тэрыторыю трэцяй дзяржавы, а таксама кабатажныя аўтамабільныя перавозкі грузаў", - гаворыцца ў дакуменце.

Пагадненнем устаноўлена, што перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах арганізуюцца па ўзгадненні паміж кампетэнтнымі органамі дзяржаў, а перавозкі пасажыраў у нерэгулярных зносінах - паміж дзяржавамі бакоў, транзітныя перавозкі па іх тэрыторыях ажыццяўляюцца без дазволаў у выпадках, устаноўленых у пагадненні.

Згодна з дакументам, кампетэнтныя органы дзяржаў - бакоў пагаднення абменьваюцца прапановамі па арганізацыі перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах. Гэтыя прапановы павінны змяшчаць даныя адносна назвы перавозчыка, маршруту, раскладу руху і прыпыначных пунктаў, на якіх плануецца ажыццяўляць пасадку і высадку пасажыраў. Пасля разгляду прапаноў кампетэнтныя органы інфармуюць адзін аднаго ў пісьмовай форме.

Адзначаецца, што перавозкі, прадугледжаныя пагадненнем, могуць выконвацца толькі перавозчыкам, які ў адпаведнасці з заканадаўствам сваёй дзяржавы дапушчаны да ажыццяўлення міжнародных аўтамабільных перавозак. Транспартны сродак пры гэтым павінен мець рэгістрацыйныя і адметныя знакі сваёй дзяржавы. Прычэп і паўпрычэп могуць мець рэгістрацыйныя і адметныя знакі іншых краін пры ўмове, што грузавы аўтамабіль, аўтамабільны цягач і аўтобус маюць рэгістрацыйныя і распазнавальныя знакі дзяржавы аднаго з бакоў, указана ў пагадненні.

Перавозка грузаў па тэрыторыі дзяржаў бакоў пагаднення выконваецца ў адпаведнасці з дапушчальнымі вагавымі і габарытнымі параметрамі аўтатранспартнага сродку, устаноўленымі заканадаўствам дзяржавы, па тэрыторыі якой выконваецца перавозка.

Дакумент прадугледжвае паступовую адмену дазвольнай сістэмы адносна перавозак грузаў у трэція краіны або з іх. Лібералізацыя гэтых перавозак будзе праведзена ў пяць этапаў, цалкам працэс будзе завершаны да 2030 года.

"Вельмі коратка, якія інавацыі ўсё ж такі, мяркуецца, будуць унесены ў пагадненне. Мы мяркуем для расійскіх і беларускіх аўтаперавозчыкаў паэтапную адмену дазволаў на перавозкі грузаў з тэрыторыі або на тэрыторыі трэцяй дзяржавы пры перавозках у рамках ЕАЭС. Таксама пагадненнем прадугледжана, што кабатажныя аўтамабільныя перавозкі дазваляюцца пры перавозках у рамках інвестыцыйных праектаў дагавораў або праектаў дагавораў, звязаных з выкананнем будаўніча-мантажных работ у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам", - сказаў, прадстаўляючы дакумент для ратыфікацыі, статс-сакратар - намеснік міністра транспарту Расіі Дзмітрый Звераў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі