16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук на сустрэчы ў ПВТ абмеркавалі беларуска-амерыканскае супрацоўніцтва ў сферы ІТ і высокіх тэхналогій, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ПВТ.
"Джэфры Джук падкрэсліў, што амерыканскі бок падтрымлівае актыўнае развіццё парка і пашырэнне прысутнасці амерыканскіх кампаній у ПВТ. На сустрэчы было адзначана, што спрыяльны дзелавы клімат і стабільны прававы рэжым маюць вырашальнае значэнне для амерыканскага бізнесу ў Беларусі і з'яўляюцца важнымі фактарамі для будучых інвестыцый і пашырэння ўзаемадзеяння", - паведамілі ў прэс-службе.
Бакі адзначылі, што дзелавыя кантакты, напрацаваныя па лініі Парка высокіх тэхналогій, таксама садзейнічаюць развіццю двухбаковага ўзаемадзеяння ў іншых галінах эканомікі.
Злучаныя Штаты Амерыкі - буйнейшы рынак і інвестар для ПВТ. За дзевяць месяцаў гэтага года экспарт кампаній парка ў ЗША дасягнуў $816 млн. Па выніках 2019 года гэты паказчык перасягнуў $945 млн, што склала 43 працэнты ад усяго экспарту рэзідэнтаў ПВТ. Сёння ў парку больш за 70 кампаній з амерыканскім капіталам.-0-