Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 мая 2022, 16:54

Дзегцяроў: Расія і Беларусь будуць разам процістаяць санкцыям і ажыццяўляць сумесныя праекты

13 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Расія і Беларусь будуць разам процістаяць санкцыям і ажыццяўляць сумесныя праекты. Аб гэтым сказаў журналістам губернатар Хабараўскага края Расіі Міхаіл Дзегцяроў у час наведвання Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Супрацоўніцтва паміж Хабараўскім краем і Беларуссю мае шматгадовую гісторыю, мы актыўна куплялі і будзем купляць сельгаспрадукцыю, - адзначыў Міхаіл Дзегцяроў. - Сёння ў Магілёўскай вобласці наведалі прадпрыемствы перапрацоўчага сектара, у прыватнасці Магілёўскі мясакамбінат. Прыемна здзівіла шырокая наменклатура выпускаемых вырабаў. Мы прывезлі з сабой прадпрымальнікаў - уладальнікаў і кіраўнікоў усіх буйных гандлёвых сетак, якія ў нас займаюць 80 працэнтаў рынку. Усе яны настроены на тое, каб заключаць прамыя дагаворы - без пасрэднікаў. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя 3-4 месяцы гэта прывядзе да значнага росту тавараабароту паміж Хабараўскім краем і Беларуссю".

Паводле слоў Міхаіла Дзегцярова, для Хабараўскага края актуальна пытанне развіцця мяса-малочнага напрамку: "У час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам мы абмеркавалі тэму стварэння сумесных прадпрыемстваў, абавязкова паглядзім малочную ферму, створаную беларускімі інжынерамі і будаўнікамі, і пабудуем такую ж у нас. У нас ёсць вялікі запыт на развіццё малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Патрэбнасць - забяспечыць сябе малаком на 90 працэнтаў, у той час як сёння свайго ў нас усяго 8,5 працэнта. Ёсць куды расці, ёсць з кім расці - і гэта адназначна будзе беларускі бок. Усе ранейшыя бізнес-мадэлі і бізнес-праекты нашых фермераў, сялян былі накіраваны на заходнія тэхналогіі. Але мы бачым, што Захад вераломна пачынае нас стрымліваць - і Расію, і Беларусь. Значыць, мы будзем разам процістаяць санкцыям, ажыццяўляць сумесныя праекты. У нас ёсць грошы, у беларусаў - вопыт і сучасныя тэхналогіі, будзем адзін аднаму дапамагаць".

У склад дэлегацыі Хабараўскага края ўвайшлі ў тым ліку прадстаўнікі бізнесу, якія пасля санкцыйнай палітыкі Захаду сталі поўнасцю перабудоўваць свае лагістычныя і таварныя ланцужкі. Арыенцірам стала ў першую чаргу Беларусь як Саюзная дзяржава. Так, Хабараўскі край мае намер закупляць у нашай краіне тэхніку БЕЛАЗ, МАЗ, аўтобусы, дарожную тэхніку, вытворчыя лініі для малочнай жывёлагадоўлі. Ёсць зацікаўленасць у нарошчванні супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе і намер ажыццявіць сумесны праект па будаўніцтве малочнатаварнай фермы. Расіяне таксама зведваюць дэфіцыт спецыялістаў у будаўнічай галіне, паколькі ў рэгіёне ўзводзіцца значная колькасць буйных інфраструктурных аб'ектаў.

"Амерыканцы нас адключаюць, страляюць сабе ў нагу, страчваюць вялікі рынак у нашай асобе, таму расійскі бізнес глядзіць у бок Беларусі, - падкрэсліў Міхаіл Дзегцяроў. - Мы прывезлі з сабой будаўнікоў, дарожнікаў, лесанарыхтоўшчыкаў, лесаперапрацоўшчыкаў - тых, хто займаецца здабычай вугалю, золата, медзі, волава. Усе яны падпішуць пагадненні і закантрактуюцца на бліжэйшыя гады".

Як адзначылі ў камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама, у студзені - сакавіку 2022 года тавараабарот рэгіёна з Хабараўскім краем склаў $126,6 тыс. і павялічыўся адносна адпаведнага перыяду 2021 года ў 25 разоў. З-за адсутнасці імпартных закупак ён быў поўнасцю сфарміраваны за кошт экспарту, аснову якога склалі пастаўкі шын, помпаў вадкасных, хлеба і мучных кандытарскіх вырабаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі