Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 студзеня 2016, 10:16

Долю высокатэхналагічных вытворчасцей у Беларусі да 2020 года плануецца павялічыць у два разы

29 студзеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Рэалізацыя новага варыянта Дырэктывы нумар 3 дасць магчымасць павялічыць да 2020 года долю высокатэхналагічных вытворчасцей у агульным аб'ёме ў два разы, адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі Дзмітрый Крупскі.

"У дырэктыве ёсць паказчык, які характарызуе павелічэнне долі высокатэхналагічных вытворчасцей у агульным аб'ёме. Плануецца рост у два разы. Гэта будзе рэалізавана за кошт запуску працэсу структурнай перабудовы", - адзначыў Дзмітрый Крупскі. Акцэнт будзе зроблены на рэалізацыі праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне вытворчасцей 5-6-га тэхналагічнага ўкладу, што для Беларусі выключна актуальна. "Калі разглядаць глабальна тыя пункты, якія закранаюць інавацыйную тэматыку, то фактычна мы запускаем працэс кіруемай структурнай перабудовы нацыянальнай эканомікі, інтэнсіфікуецца працэс мадэрнізацыі сацыяльных інстытутаў", - растлумачыў ён.

Адным з тэзісаў з'яўляецца павышэнне якасці падрыхтоўкі кіраўніцкіх і інжынерна-тэхнічных кадраў. "Каб павысіць якасць і нарасціць колькасць такіх спецыялістаў, патрабуецца мадэрнізацыя інстытута адукацыі і інстытута бізнес-адукацыі ў прыватнасці, што мы пачынаем ужо рабіць", - сказаў Дзмітрый Крупскі.

У цэлым адносна інавацыйнай тэматыкі Дырэктывы нумар 3 начальнік упраўлення падкрэсліў, што яе рэалізацыя можа кардынальна змяніць сітуацыю ў навукова-інавацыйнай сферы. Бюджэтныя расходы на навуку і інавацыі да 2020 года павінны скласці не менш як 1 працэнт ВУП. "Сёння ў нас 0,25 працэнта. Гэта значыць плануецца рост у чатыры разы. Плюс плануецца, што значна вырастуць пазабюджэтныя расходы. Калі гэта ўдасца рэалізаваць, наша навукова-інавацыйная сфера будзе ў поўнай меры забяспечана фінансавымі рэсурсамі", - адзначыў Дзмітрый Крупскі.

Паводле яго слоў, рэалізацыя дырэктывы дасць магчымасць пры пэўных умовах да 2020 года выйсці на зусім іншы профіль прамысловасці. "Уявіце сабе, што будзе больш і колькасна, і якасна падрыхтаваных кіраўніцкіх кадраў, будзе большая ўдзельная вага высокатэхналагічнага сектара. Калі мы зможам укараніць мадэль кластарнага развіцця, наша эканоміка будзе больш устойлівай да знешніх выклікаў", - растлумачыў Дзмітрый Крупскі.

Ён адзначыў, што дакумент важны яшчэ і з таго пункту гледжання, што ўпершыню ініцыятывы Міністэрства эканомікі - напрыклад, адносна падтрымкі стартап-руху, укаранення кластарнай мадэлі - санкцыянаваны на самым высокім узроўні. "Гэта значыць цяпер яны замацаваны ў рамках стратэгічных рашэнняў кіраўніцтва краіны, што для Беларусі, якая мае сваю спецыфіку гаспадарання і кіравання, з'яўляецца прынцыповым пытаннем", - рэзюмаваў начальнік упраўлення.-0-.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі