Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 лістапада 2019, 18:57

Дэпазітна-закладная сістэма можа павысіць эфектыўнасць збору ўпакоўкі больш як у 2 разы

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпазітная (закладная) сістэма можа павысіць эфектыўнасць збору спажывецкай упакоўкі больш як у два разы, паведаміў начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" Анатоль Шагун у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"У мінулым годзе ў Беларусі каля 55-60 працэнтаў шкляных бутэлек сабралі праз сістэму раздзельнага збору, праз прыёмныя пункты. А адносна ПЭТ-бутэлькі сітуацыя, вядома, значна горшая: там толькі каля 25-30 працэнтаў выпушчанай на рынак упакоўкі вярнулася ў перапрацоўку і было накіравана на паўторнае выкарыстанне ў якасці другаснай сыравіны. У пераліку на агульную колькасць упаковак вяртанне склала прыкладна 38 працэнтаў (у адзінках). Мы разлічваем, што дэпазітная сістэма павінна даць Беларусі не менш за 80 працэнтаў збору ўпакоўкі, гэта значыць, фактычна ў 2-2,5 раза павысіць цяперашнюю эфектыўнасць", - сказаў Анатоль Шагун.

Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць праблемы са зборам шматабаротнай шкляной тары. "Па-першае, вялікая колькасць разнавіднасцей бутэлек. Кожны вытворца імкнецца прыцягнуць спажыўца. Другая прычына звязана з першай: чым большая наменклатура бутэлек, тым складаней арганізаваць іх паўторнае выкарыстанне, таму што іх трэба збіраць па ўсёй краіне. З-за складанай сістэмы збору страчваецца выгада ад выкарыстання шматабаротнай тары", - адзначыў начальнік упраўлення.

"Дэпазітна-закладная сістэма добрая тым, што шкляная тара вяртаецца ў месцы продажу. Яе могуць сартаваць як непасрэдна там, так і ў спецыяльна ствараемых цэнтрах. Потым вытворца можа сваю бутэльку купіць у дэпазітнай сістэмы ў якасці гатовага вырабу. І тут няма ніякіх праблем ні ў лагістыцы, ні ва ўліку, ні ў фарміраванні заказу - колькі трэба, столькі збяром", - падкрэсліў Анатоль Шагун.

На яго думку, дэпазітна-закладная сістэма будзе садзейнічаць прадухіленню ўтварэння адходаў, асабліва з улікам таго, што ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя павялічваць вытворчасць напіткаў у шкляной тары і скарачаць выкарыстанне поліэтыленавай упакоўкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі