Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лютага 2021, 10:22

Дэлегат УНС: для адраджэння вёсак патрэбны выгадныя ўмовы для бізнесу ў вёсцы і падтрымка фермерства

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падтрымка маладых фермераў, з'яўленне фінансавых інструментаў і больш прывілеяваных, чым у гарадах, умоў для вядзення бізнесу, будаўніцтва жылля - неабходныя меры для захавання моцнай беларускай вёскі. Аб гэтым кіраўнік сялянскай гаспадаркі "Антэй-сад" Мядзельскага раёна Віктар Чабатар заявіў, выступаючы на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе фермеры - людзі дзяржаўныя. Мы прымаем самы актыўны ўдзел у вырашэнні адзінай для ўсіх аграрыяў задачы - забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Дзяржава не пакідае нас без дапамогі. Вялікую ролю ў станаўленні фермерскіх гаспадарак адыгралі праграмы, ініцыяваныя Прэзідэнтам, а таксама магчымасць куплі тэхнікі ў лізінг. Важна захаваць гэты механізм падтрымкі. Для фермераў, асабліва маладых, лізінг павінен быць спрошчаны і даступны", - лічыць Віктар Чабатар.

Ён таксама звярнуў увагу на праблему таго, што многім эфектыўна працуючым гаспадаркам для развіцця сваёй справы не хапае зямлі. Ён звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай максімальна пасадзейнічаць у выдзяленні зямлі фермерам - у першую чаргу маладым, тым, хто толькі выбірае гэты шлях.

"Абмежавацца дапамогай і падтрымкай гаспадарак, якія ўжо сфарміраваліся і маюць вялікі вопыт, на гэты час недастаткова, калі думаць пра будучыню. Мы старэем, я не бачу ў вёсцы замены тым, хто працуе сёння, на адно або два бліжэйшыя пакаленні наперад. Востра паўстае праблема далейшага існавання малых вёсак, а гарады мы ўсё будуем і будуем. Хоць большасць пражываючых там не заняты ў вытворчай сферы, а толькі абслугоўваюць адзін аднаго", - абазначыў праблему кіраўнік сялянскай гаспадаркі.

У якасці рашэння ён прапануе вярнуць праграму будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці. Але пры гэтым крэдытаваць не будаўніцтва жылля па тыпавых праектах ,"а даць людзям прывабны фінансавы інструмент". Сутнасць у тым, каб кожны мог адкрыць няхай невялікую, але сваю справу, і пабудаваць у вёсцы дом для сваёй сям'і.

"Вярнуць моладзь у вёску складана, ведаю гэта па сваіх дзецях. Але калі гэта зрабіць адным з галоўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, то за дзесяцігоддзе мы зможам вярнуць сялянства ў Беларусі. Дзяржаўнай палітыкай павінна стаць стварэнне ў вёсцы не толькі роўных, але і больш прывілеяваных, чым у гарадах, умоў для жыцця і бізнесу", - упэўнены Віктар Чабатар.

Пры гэтым усё роўна, чым будзе займацца жыхар вёскі: працаваць на зямлі, вучыць дзяцей, аказваць паслугі. Галоўнае, каб ён прыехаў туды жыць, развіваць нават невялікі ўчастак зямлі, ствараць хутарскую сістэму, адраджаць беларускае сяло.

VI Усебеларускі народны сход пачаў працаваць напярэдадні ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Дэлегаты абмяркоўваюць вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,7 тыс. чалавек, з іх дэлегатаў - 2,4 тыс. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Сярод дэлегатаў сходу таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі