Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 красавіка 2021, 10:08

Давер, узаемадапаўненне і самадастатковасць - Мясніковіч сфармуляваў ідэалагічны стрыжань ЕАЭС

16 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі 15 красавіка на XXII Красавіцкай міжнароднай навуковай канферэнцыі расійскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта "Вышэйшая школа эканомікі" назваў тры ключавыя прынцыпы, якія, на яго думку, павінны стаць ідэалагічным стрыжнем еўразійскай інтэграцыі на бліжэйшую перспектыву. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

У якасці першага прынцыпу Міхаіл Мясніковіч назваў давер: "Неабходна павысіць узровень даверу да ЕАЭС, інстытутаў і інтэграцыйных працэсаў у цэлым сярод нацыянальных органаў, прадпрымальнікаў і грамадскасці дзяржаў-членаў. Не павінна назірацца разрываў паміж палітычнай воляй і практычнай рэалізацыяй. Толькі з'яднанасць і безагаворачны ўзаемны давер нашых краін і сумесная праца на карысць насельніцтва дзяржаў-членаў прывядуць да паспяховасці развіцця саюза".

Другім ключавым прынцыпам еўразійскай інтэграцыі павінна стаць узаемадапаўненне. "Прынцыпова важным з'яўляецца пераход ад псіхалогіі канкурэнцыі да псіхалогіі супрацоўніцтва, - падкрэсліў кіраўнік Калегіі ЕЭК. - Эканамічная палітыка ў аснове сваёй павінна садзейнічаць узаемадапаўняльнасці нацыянальных эканомік. У гэтым ключ да поспеху ЕАЭС. Саперніцтва ў вытворчасці адных і тых жа таварных груп з'яўляецца загадзя пройгрышнай тактыкай. Краінам неабходна аб'ядноўваць намаганні і рыхтаваць агульныя таварныя прапановы як для ўнутранага рынку, так і для рынкаў трэціх краін".

І трэці прынцып - самадастатковасць. "Пандэмія каранавіруса COVID-19 выкрыла слабаабароненасць чалавецтва і супярэчнасці паміж вядучымі эканомікамі, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Для эфектыўнай канкурэнцыі з эканамічнымі гігантамі менш маштабным эканомікам неабходна аб'ядноўвацца і ўмацоўваць інстытуцыянальнае ўзаемадзеянне. Іншай альтэрнатывы няма. Самадастатковасць саюза, яго ўсё большая прывабнасць і інавацыйная актыўнасць, вызначаныя стратэгічнымі напрамкамі, будуць садзейнічаць развіццю эканомік дзяржаў-членаў".

Старшыня Калегіі ЕЭК канстатаваў, што 2020 год унёс значныя карэктывы ў логіку сусветнага развіцця. На яго думку, сусветны эканамічны крызіс 2020 года абумоўлены зменай тэхналагічных і светагаспадарчых укладаў, а пандэмія толькі паскорыла негатыўныя працэсы. "Пандэмія і крызіс абвастрылі і шэраг іншых праблем: нарастанне пратэкцыянізму і крызіс шматбаковай гандлёвай сістэмы, аднабаковая адмова ад доўгатэрміновых абавязацельстваў, імкненне пераходу ад кааперацыйнага парадку дня да адасобленага развіцця вядучых эканомік свету, - заўважыў Міхаіл Мясніковіч. - Думаю, што ўсё вышэйпералічанае - гэта крок назад. У існуючай сітуацыі адным з найбольш эфектыўных шляхоў развіцця з'яўляецца паглыбленне рэгіянальнай інтэграцыі і стварэнне на яе аснове абноўленай архітэктуры міжнародных эканамічных адносін".

Дагавор аб ЕАЭС, падпісаны ў 2014 годзе, мае ўсёабдымны характар: дзяржавам-членам удалося дамовіцца аб паўнацэннай інтэграцыі па шырокім коле пытанняў. "Ён даў магутны імпульс да развіцця інтэграцыі, прапанаваная парадыгма супрацоўніцтва зарэкамендавала сваю слушнасць, - упэўнены кіраўнік ЕЭК. - Аб'ём ВУП ЕАЭС за першыя 5 гадоў павялічыўся на 21 працэнт, дасягнуўшы па выніках 2019 года амаль $2 трлн. За гэты ж перыяд прамысловая вытворчасць у ЕАЭС вырасла на 13,2 працэнта, у тым ліку па апрацоўчай прамысловасці амаль на 15 працэнтаў. Гэтыя паказчыкі вышэйшыя, чым, напрыклад, у ЕС, дзе прамысловая вытворчасць вырасла на 5,4 працэнта, у тым ліку апрацоўчая прамысловасць - на 6,1 працэнта. Аб'ём узаемнага гандлю дзяржаў - членаў ЕАЭС павялічыўся на 27,7 працэнта. У штогадовым рэйтынгу Сусветнага банка Doing business ЕАЭС займае 29 месца са 190 эканомік, адбыўся рост на 12 пазіцый".

У ЕАЭС функцыянуе агульны рынак тавараў, дасягнуты значны прагрэс у фарміраванні агульнага рынку паслуг (ён дзейнічае ў 53 сектарах), прыняты адзіны Мытны кодэкс, забяспечваецца свабода перамяшчэння і сацыяльныя гарантыі працоўных: напрыклад, пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ўступіла ў сілу ў студзені 2021 года. Прынята 49 адзіных тэхнічных рэгламентаў, дзейнічае больш за 12 тыс. міжнародных стандартаў, дзякуючы чаму каля 85 працэнтаў тавараў ужо сертыфікавана па адзіных тэхнічных нормах.

Разам з тым Міхаіл Мясніковіч выказаў меркаванне, што ў перыяд з 2014 па 2019 гады эканомікі краін ЕАЭС маглі б развівацца больш высокімі тэмпамі. Па-першае, не ў поўнай меры рэалізаваны інтэграцыйны патэнцыял у прамысловай сферы: адсутнічае арыентацыя на спецыялізацыю эканомік, адзначаецца недастатковы ўзровень прамысловай кааперацыі, а якасць і канкурэнтаздольнасць вырабленай у саюзе прадукцыі вымушае жадаць лепшага. Другой прычынай кіраўнік Калегіі ЕЭК назваў нізкі ўзровень інвестыцый у асноўны капітал. "У нашых краінах у папярэднія перыяды не адбывалася эфектыўная трансфармацыя зберажэнняў у інвестыцыі і інавацыі, якія неабходны для павышэння эканамічнага патэнцыялу", - адзначыў ён. Яшчэ адной прычынай з'яўляецца дысбаланс унутранага і знешняга гандлю ў ЕАЭС, прычым прэвалюючую долю ў апошнім займае сыравінны экспарт. "У 2020 годзе знешнегандлёвы абарот склаў $622,8 млрд (экспарт - $364,4 млрд, імпарт - $258,4 млрд). Гандаль у саюзе ў 2020 годзе - $54,9 млрд. Суадносіны 11 і 1", - прывёў пацвярджальныя лічбы Міхаіл Мясніковіч. І, нарэшце, апошняя прычына - недастатковая ўключанасць у інтэграцыю дзелавых колаў. "Бізнес не знайшоў сябе ў ЕАЭС, не выкарыстоўвае інтэграцыйныя перавагі і не стварае новыя транснацыянальныя ланцужкі дабаўленай вартасці", - растлумачыў старшыня Калегіі ЕЭК.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі