Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 лістапада 2017, 19:23

Дадатковыя падатковыя стымулы для новых прадпрыемстваў распрацоўваюцца ў Беларусі

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковыя падатковыя стымулы для новых прадпрыемстваў распрацоўваюцца ў Беларусі. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Эла Сяліцкая ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА, каменціруючы дэкрэт нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", падпісаны 24 лістапада 2017 года.

Яна адзначыла, што дэкрэт змяшчае шэраг даручэнняў ураду, які ў шасцімесячны тэрмін павінен будзе ўнесці прапановы па стымуляванні развіцця бізнесу. У першую чаргу гэтыя прапановы будуць накіраваны на стварэнне новых рабочых месц, на далейшае развіццё бізнесу ў малых гарадах і сельскай мясцовасці.

"Цяпер сумесна з міністэрствамі эканамічнага блока, аблвыканкамамі, прадстаўнікамі бізнес-саюзаў прапрацоўваюцца прапановы па дадатковых падатковых стымулах на этапе стварэння новых прадпрыемстваў, у першыя два гады іх работы, - праінфармавала намеснік міністра. - Думаю, у бліжэйшы час гэтыя прапановы будуць канчаткова сфарміраваны".

Таксама актыўна вывучаецца міжнародны вопыт па зніжэнні падатковай нагрузкі пры рэінвесціраванні прыбытку. Гэта дапаможа выпрацаваць рашэнні, якія дадуць магчымасць больш актыўна прыцягваць не толькі замежныя, але і айчынныя інвестыцыі ў развіццё вытворчасці ў Беларусі, падкрэсліла Эла Сяліцкая.

Акрамя таго, разглядаецца пытанне аб надзяленні правам суб'ектаў, якія знаходзяцца за мяжой, але маюць аб'екты падаткаабкладання на тэрыторыі Беларусі, выплачваць падаткі ў валюце. "Сёння такая магчымасць існуе толькі па дзяржаўнай пошліне. Адносна іншых падаткаў, думаю, да наступнага года мы такія прапановы таксама падрыхтуем", - лічыць намеснік міністра па падатках і зборах.

Гаворачы ў цэлым аб дэкрэце нумар 7, Эла Сяліцкая вылучыла некалькі асноўных навацый, якія павінны станоўча паўплываць на ўмовы вядзення бізнесу. У першую чаргу гэта мараторый на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, збораў і пошлін да 2020 года. "Гэта дасць бізнесу магчымасць спакойна развівацца і планаваць сваю дзейнасць, не баючыся таго, што падатковая нагрузка ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе павялічана", - падкрэсліла яна.

Яшчэ адзін важны крок - норма, што дазваляе суб'ектам гаспадарання, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль праз інтэрнэт-магазіны, з 1 студзеня 2018 года прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

Таксама дэкрэтам устаноўлена, што спагнанне з суб'ектаў гаспадарання падаткаў, збораў (пошлін) і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт, дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды не ажыццяўляецца, калі патрабаванне аб іх выплаце не прад'яўлена на працягу пяці гадоў са дня завяршэння тэрміну выплаты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі