Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 кастрычніка 2024, 12:59

Дадатковы перыяд абмену банкнотаў узору 2000 года завяршаецца 31 снежня

Фота з архіва
Фота з архіва
14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковы перыяд абмену банкнотаў беларускіх рублёў узору 2000 года завяршаецца 31 снежня 2024 года, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Беларусі.

Банкноты можна абмяняць без абмежаванняў і без спагнання ўзнагароджання ў касах Нацыянальнага банка, якія размешчаны ў Мінску па вул. Талстога, 6. У панядзелак-чацвер касы працуюць з 8.30 да 15.30, у пятніцу - з 8.30 да 14.30. Субота і нядзеля - выхадныя. У перадсвяточныя дні час работы скарачаецца на адну гадзіну.

Абмен грашовых знакаў узору 2000 года на банкноты і манеты дзеючага намінальнага рада ажыццяўляецца ў суадносінах 10 000:1. Банкнота наміналам Br100 узору 2000 года будзе абменена на 1 капейку ўзору 2009 года, наміналам Br50 000 узору 2000 года - на Br5 у банкнотах або манетах новага ўзору.

"З 1 студзеня 2025 года банкноты наміналам 100, 500, 1 000, 5 000, 10 000, 20 000, 50 000, 100 000, 200 000 беларускіх рублёў узору 2000 года будуць лічыцца недзеючымі (страціўшымі сілу законнага плацежнага сродку)", - адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

У адпаведнасці з указам ад 4 лістапада 2015 года нумар 450 1 ліпеня 2016 года была праведзена дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі - беларускага рубля. Першапачаткова перыяд абмену банкнотаў узору 2000 года быў устаноўлены па 31 снежня 2021 года. Указам ад 22 жніўня 2022 года нумар 293 быў вызначаны дадатковы перыяд для абмену банкнотаў 2000 года на банкноты і манеты дзеючага намінальнага рада - з 1 верасня 2022 года па 31 снежня 2024 года.

На 1 кастрычніка 2024 года з абарачэння выключана 98,2 працэнта ад сумы і 60,8 працэнта ад колькасці банкнотаў, якія знаходзіліся па-за касамі Нацыянальнага банка на 1 ліпеня 2016 года. Пры гэтым банкноты вялікіх наміналаў выключаны практычна цалкам, банкнотаў сярэдніх наміналаў не вярнулася з абарачэння каля 24 працэнтаў, банкнотаў дробных наміналаў - каля 60 працэнтаў.

З моманту ўстанаўлення дадатковага перыяду для абмену грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года (з 1 верасня 2022 года па 1 кастрычніка 2024 года) у Нацыянальны банк паступіла 139,5 тыс. экзэмпляраў банкнотаў у суме 813,7 тыс. дэнамінаваных беларускіх рублёў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі