Сцяг Субота, 20 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 ліпеня 2024, 14:59

Чэргі за атрыманнем ключоў ЭЛП: МПЗ пракаменціравала сітуацыю і расказала пра варыянты для ІП

Фота з архіва
Фота з архіва
9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэс-сакратар Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Саладуха пракаменціраваў карэспандэнту БЕЛТА сітуацыю з чэргамі за атрыманнем ключоў электроннага лічбавага подпісу.

У сацыяльных сетках набірае папулярнасць відэаролік, у якім блогер абурылася начнымі чэргамі ў падатковую для атрымання ключа электроннага лічбавага подпісу. У МПЗ пракаменціравалі сітуацыю.

У Беларусі выданне і прадаўжэнне сертыфікатаў ЭЛП ажыццяўляюць 12 рэгістрацыйных цэнтраў, акрэдытаваных Дзяржаўнай сістэмай кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу (ДзяржСКАК). Цяпер дзейнічаюць 44 пункты аказання электронных паслуг рэспубліканскага засведчвальнага цэнтра ДзяржСКАК, інфармацыя пра якія размешчана на партале НЦЭП (https://nces.by).

Сяргей Саладуха расказаў аб тым, якія меры прыняты для скарачэння чэргаў. "Для зручнасці пацельшчыкаў ва ўсіх рэгістрацыйных цэнтрах (акрамя пункта па адрасе: Мінск, праспект Машэрава, 25) праз афіцыйны сайт (https://info-center.by/services/pki/pre-entry/) магчымы папярэдні запіс. Інакш кажучы, можна выбраць дату і час наведвання рэгістрацыйнага цэнтра", - адзначыў ён.

РУП "Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах" з 4 ліпеня перамясціў пункт аказання электронных паслуг, што раней размяшчаўся па адрасе: Мінск, праспект Машэрава, 7, у больш камфортнае памяшканне па адрасе: Мінск, праспект Машэрава, 25, каб. 200, дзе з'явілася зала чакання, а таксама абсталявана 16 рабочых месцаў замест 12.

"Міністэрства па падатках і зборах улічыла максімальную загружанасць рэгістрацыйных цэнтраў, акрэдытаваных ДзяржСКАК, а таксама прыняло пад увагу звароты плацельшчыкаў аб немагчымасці выканання ў такіх умовах абавязку па прадстаўленні падатковых дэкларацый індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў электронным выглядзе. Падатковыя дэкларацыі (разлікі), пададзеныя на папяровым носьбіце, будуць прымацца падатковымі органамі ва ўстаноўленым парадку", - расказаў Сяргей Саладуха. Інакш кажучы, ІП могуць па-ранейшаму падаваць дэкларацыі на паперы.

Прэс-сакратар таксама звярнуў увагу на магчымасці ідэнтыфікацыйных картак. "Пры наяўнасці ID-карткі індывідуальны прадпрымальнік мае магчымасць працаваць у асабістым кабінеце плацельшчыка і накіроўваць розныя электронныя дакументы без дадатковага выкарыстання атрыбутнага сертыфіката. ID-картка выдаецца грамадзяніну тэрмінам на 10 гадоў. Адначасова з яе выдачай выпускаецца сертыфікат адкрытага ключа на той жа тэрмін. Для пашырэння магчымасці падачы плацельшчыкамі дэкларацый (разлікаў) пры дапамозе ID-карткі, ва ўсіх інспекцыях МПЗ абсталяваны спецыяльныя рабочыя месцы са счытвальнікам, на якіх любы плацельшчык можа запоўніць, падпісаць і накіраваць дэкларацыю ў падатковы орган", - адзначыў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі