20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестыцыйная работа ў рэгіёнах актывізавалася. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў пры наведванні Асіповіцкага кансервавага завода, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
У ААТ "Асіповіцкі кансервавы завод" рэалізуецца адзін з інвестпраектаў у рамках даручэння кіраўніка дзяржавы "Адзін раён - адзін праект". Тут з'явіцца новая лінія па вытворчасці, фасоўцы і ўпакоўцы плодаагародніннай і кансервавай прадукцыі.
"Каб прыцягнуць інвестыцыі, недастаткова перспектыўнай ідэі, патрэбны грунтоўны бізнес-план. У ім павінны быць дакладна ўвязаны пытанні крыніц сыравіны, патрэбных кампетэнцый, абсталявання і рынкаў збыту. Важна таксама вызначыць разумныя тэрміны акупнасці. Фінансавыя рэсурсы пад прапрацаваныя ініцыятывы актыўна прапануе Банк развіцця і іншыя банкі. Бізнесу трэба не ўпускаць адкрытыя магчымасці для ўзбуйнення", - падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў.
Акрамя таго, міністр наведаў філіял "Ялізава" Гродзенскага шклозавода, дзе ствараецца новая вытворчасць па сартаванні адходаў шкла і атрыманні шклабою. "Такія праекты даюць магчымасць не толькі ствараць новыя рабочыя месцы, але і істотна эканоміць на імпарце сыравіны і энергарсурсаў, а таксама павышаць экалагічнасць шкляной вытворчасці", - адзначыў міністр.
У Быхаўскім раёне міністр пабываў на кансервавым заводзе. "Гэта прадпрыемства - добры прыклад паспяховага фінансавага аздараўлення. У пачатку наступнага тыдня завод адновіць работу, захаваўшы ранейшую спецыялізацыю. Сумесная інвестыцыйная работа дае магчымасць надаць новы імпульс прадпрыемствам і эканоміцы рэгіёна ў цэлым", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.-0-