ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 24 верасня 2023
Мінск +17°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 красавіка 2023, 19:17

Чарвякоў: тэхналагічная незалежнасць павінна стаць важным складнікам Канцэпцыі бяспекі СД

Аляксандр Чарвякоў. Фота з архіва
Аляксандр Чарвякоў. Фота з архіва

7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэхналагічная незалежнасць павінна стаць важным складнікам Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, каменціруючы вынікі пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.

Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, арыенціры інтэграцыі дзвюх краін былі зададзены Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і пакетам з 28 саюзных праграм. "Ужо выкананы тры чвэрці запланаваных мерапрыемстваў. Поўнасцю рэалізаваны 8 праграм: па атамнай энергетыцы, інтэграцыі інфармацыйных сістэм прасочвальнасці ў сферы маркіроўкі, транспартнага кантролю, выдачы ветэрынарных і фітасанітарных сертыфікатаў на сельгаспрадукцыю, а таксама па збліжэнні заканадаўства ў фінансавым сектары і ў галіне адзіных правіл канкурэнцыі. У рамках рэалізацыі праграм падпісана 26 двухбаковых дакументаў рознага ўзроўню, у тым ліку па пытаннях падаткаабкладання, гарманізацыі мытнага заканадаўства, адзінай прамысловай палітыкі. Работа прадаўжаецца, у гэтым годзе плануем падпісаць яшчэ каля дзесяці", - сказаў міністр.

Умацаванне эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі дало магчымасць не толькі паспяхова процістаяць знешнім выклікам, але і значна актывізаваць узаемны гандаль, упэўнены ён. "Па выніках мінулага года ўзаемны тавараабарот перасягнуў $45 млрд. Забяспечаны рэкордны паказчык экспарту ў Расійскую Федэрацыю - амаль $23 млрд. Доля Расіі ў агульным тавараабароце нашай краіны дасягнула 60 працэнтаў, а наша доля ў расійскім імпарце павялічылася да 9 працэнтаў, значна перасягнуўшы сярэдні ўзровень за апошнія 20 гадоў (5-6 працэнтаў). У гэтым годзе плануем прыбавіць па пастаўках у Расійскую Федэрацыю на 6,5 працэнта, або на $1,5 млрд", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Міністр таксама расказаў аб існуючым патэнцыяле супрацоўніцтва і па іншых напрамках. "Вялікія рэзервы ёсць у прамысловай кааперацыі. На ўзроўні ўрадаў вызначаны 16 перспектыўных інтэграцыйных праектаў у мікраэлектроніцы і машынабудаванні", - падкрэсліў ён.

Адной з важных тэм, што разглядаліся на Вышэйшым дзяржаўным савеце, стала пытанне распрацоўкі Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. "Маштабны санкцыйны націск з боку недружалюбных дзяржаў абвастрыў праблему залежнасці нашых эканомік у тэхналагічнай сферы. Таму мы лічым, што гэты дакумент павінен змяшчаць пытанні забеспячэння тэхналагічнай бяспекі. Мінэканомікі падрыхтавала праект плана мерапрыемстваў па забеспячэнні тэхналагічнай бяспекі ў машынабудаванні. Гэта першы этап вялікай работы па фарміраванні Канцэпцыі тэхналагічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Далей выпрацаваныя падыходы будуць маштабіраваны ў іншыя галіны. У сувязі з гэтым ключавыя элементы нацыянальнай канцэпцыі могуць стаць асновай пры падрыхтоўцы Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі