Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 жніўня 2021, 13:34

Чарвякоў: беларуская эканоміка ўстойліва расце, нягледзячы на пандэмію і санкцыі

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская эканоміка ўстойліва расце, нягледзячы на пандэмію і санкцыі. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння развіццё нашай эканомікі праходзіць ва ўмовах двайнога ўдару. Па-першае, на яе прадаўжае ўплываць пандэмія. Па-другое, санкцыйныя абмежаванні асобных заходніх краін. Тым не менш беларуская эканоміка ўстойліва расце. Па выніках першага паўгоддзя ВУП склаў 103,3 працэнта. Найбольшы ўклад - больш за 80 працэнтаў прыросту - забяспечвае прамысловасць. Аб'ём вытворчасці ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся больш як на 10 працэнтаў. Важна, што гэты рост забяспечаны высокатэхналагічнай і экспартна арыентаванай прадукцыяй: вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратурай, прадукцыяй машынабудавання, дрэваапрацоўкі і фармацэўтыкі. Значыць, гэта тыя галіны, на якія мы рабілі стаўку і правялі мадэрнізацыю. Але галоўнае, спрацавала прынятае ў мінулым годзе стратэгічна правільнае рашэнне - не спыняць эканоміку і прадаўжаць працаваць. У выніку захаваны вытворчасці, кампетэнцыі, кадры, што стала асновай сённяшняга выніку", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Паводле яго слоў, іншыя галіны таксама ўносяць свой уклад. "Аб гэтым сведчыць актыўнае аднаўленне грузаперавозак. Адны толькі чыгуначныя кантэйнерныя перавозкі ўзраслі на 40 працэнтаў. Нягледзячы на абмежаванні палётаў з боку асобных краін, да канца першага паўгоддзя цалкам адноўлены і забяспечаны рост пасажыраабароту. Гэта вынік рэалізацыі аператыўнага плана па пераарыентаванні пасажырапатокаў", - растлумачыў ён.

Міністр таксама адзначыў, што выконваецца галоўная задача сельскай гаспадаркі - гарантаванне харчовай бяспекі. У прыватнасці, адзначаецца рост вытворчасці малака, мяса і іншай прадукцыі, што фарміруе ўстойлівую сыравінную базу для харчовай прамысловасці.

Акрамя таго, упэўнена расце IT-сфера. "Яе рост паскараецца і за першае паўгоддзе перасягнуў 7 працэнтаў. Колькасць прадпрыемстваў у гэтай галіне пастаянна павялічваецца", - дадаў кіраўнік эканамічнага ведамства.

Вяртанне насельніцтва да прывычнага спосабу жыцця аднаўляе і спажывецкі попыт. "Грмадскае харчаванне вырасла амаль на 20 працэнтаў. У дадатную дынаміку выйшаў рознічны тавараабарот", - канстатаваў Аляксандр Чарвякоў.

Кіраўнік Мінэканомікі падкрэсліў, што апераджальнымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай для шматдзетных сем'яў. За паўгоддзе ўведзена больш за 60 працэнтаў да гадавога задання.

"Важна адзначыць, што эканамічны рост у краіне забяспечаны на якаснай і збалансаванай аснове. Галоўны паказчык эфектыўнасці - чысты прыбытак арганізацый перасягнуў у 3,7 раза ўзровень мінулага года", - сказаў ён.

У знешнім гандлі экспарт тавараў і паслуг вырас на трэць. "Дадаткова атрымана больш за $4 млрд экспартнай выручкі. Знешнегандлёвае сальда склала плюс $1,250 млрд. Гэта лепшы паказчык за апошнія 8 гадоў. Прычым прыраслі па ўсіх групах тавараў без выключэнняў. Запатрабавана на знешнім рынку наша сельгастэхніка. Яе рост - на 40 працэнтаў, легкавых аўто - у 2,2 раза, харчовых тавараў - на 11 працэнтаў і інш.", - растлумачыў міністр эканомікі.

"Высокімі тэмпамі павялічваецца экспарт паслуг - 114 працэнтаў. Асноўны ўклад уносіць транспарт і IT-сфера. Усё гэта сведчыць аб тым, што мы не толькі захавалі ўстойлівасць на знешнім сектары, але і яшчэ больш умацавалі свае пазіцыі на ключавых рынках. Так, за шэсць месяцаў гэтага года экспартныя пастаўкі ў Расію павялічыліся на 20 працэнтаў да $7,4 млрд. Імкліва адкрываецца для нас рынак Кітая. У гэтым напрамку экспарт узрос на 30 працэнтаў. Тут урады дзвюх краін працуюць у бок зняцця гандлёвых бар'ераў і спрашчэння гандлёвых працэдур. Таксама актыўна вядзецца работа па дыверсіфікацыі экспарту", - расказаў кіраўнік Міністэрства.

Стабільная сітуацыя і на рынку працы. "Узровень беспрацоўя склаў 3,9 працэнта. Гэта ў два разы менш за парогавае значэнне па метадалогіі міжнароднай арганізацыі працы. Беларусь прадаўжае захоўваць свае пазіцыі сярод краін з нізкім узроўнем беспрацоўя", - звярнуў увагу Аляксандр Чарвякоў.

Вынікі работы эканомікі ўплываюць і на ўзровень заработнай платы. "Яе намінальны памер у чэрвені склаў Br1433. Гэта больш як на 14 працэнтаў вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым заработная плата бюджэтнікаў стабільна перавышае 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. У поўным аб'ёме забяспечаны выплаты пенсій і дапамог", - адзначыў ён.

"Беларусь прадаўжае быць надзейным партнёрам - абслужаны ўсе дзяржаўныя знешнія абавязацельствы. Такім чынам захоўваецца бюджэтная ўстойлівасць і сацыяльная стабільнасць, - падкрэсліў міністр. - У бягучых умовах мы разумеем, што асноўны санкцыйны ўдар калектыўнага Захаду прыпадае на работнікаў нашых прадпрыемстваў, на іх сем'і. Таму ўрад мабілізуе ўсе сілы, каб знізіць гэты ўплыў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі