Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 мая 2021, 12:59

Чарвякоў: Беларусь у ліку нямногіх краін, якія павялічылі ў 2020 годзе прыток прамых замежных інвестыцый

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь знаходзіцца ў ліку нямногіх краін, якія ў мінулым годзе павялічылі прыток прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Аб гэтым газеце "СБ. Беларусь сегодня" расказаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, паведамляе БЕЛТА.

Паводле яго слоў, у апошнія гады канкурэнцыя за замежныя інвестыцыі рэзка абвастрылася. У тым ліку гэта вынік абмялення міжнародных інвестыцыйных патокаў, якое выклікана негатыўным уплывам пандэміі COVID-19.

"Паводле даных ЮНКТАД за 2020 год, сусветны аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове знізіўся на 42 працэнты. Пры гэтым у развітых краінах зніжэнне склала 69 працэнтаў, у краінах, якія сталі на шлях развіцця, - 12 працэнтаў, у краінах з пераходнай эканомікай - 77 працэнтаў. Беларусь знаходзіцца ў ліку нямногіх краін, якія ў мінулым годзе павялічылі прыток прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове - $1,4 млрд, або плюс 6,6 працэнта. Гэта сведчыць аб тым, што наша эканоміка не страціла сваёй прывабнасці і па-ранейшаму цікавіць інвестараў, - адзначыў міністр. - Асабліва важна - палепшылася структура прамых замежных інвестыцый. Доля рэінвесціравання перасягнула 30 працэнтаў. Гэта яшчэ раз падкрэслівае давер і жаданне замежнага інвестара пакідаць атрыманы прыбытак у нас у краіне і ўкладваць яго ў далейшае развіццё".

Аляксандр Чарвякоў нагадаў, што ў мінулым годзе ў свабодных эканамічных зонах і індустрыяльным парку "Вялікі камень" зарэгістравана 56 новых рэзідэнтаў з сумарным аб'ёмам заяўленых інвестыцый каля $280 млн і 2,5 тыс. новых рабочых месцаў. З іх 30 рэзідэнтаў - з замежным капіталам і агульным аб'ёмам інвестыцый $240 млн і 1,5 тыс. новых рабочых месцаў. Найбуйнейшым гандлёвым партнёрам і інвестарам у беларускую эканоміку традыцыйна з'яўляецца Расія. На яе прыпадае пятая частка ўсяго паступіўшага замежнага капіталу. У топ-5 краін таксама ўваходзіць Кіпр, Нідэрланды, Германія і ЗША.

Асаблівасцю новых інвестыцыйных праектаў, чыя рэалізацыя стартавала ў 2020 годзе, з'яўляюцца іх вытворчы характар і арыентацыя на паглыбленую перапрацоўку мясцовай сыравіны. У прыватнасці, такія праекты па перапрацоўцы драўніны рэалізуюцца на Віцебшчыне і Гродзеншчыне.

"Канкурэнтныя перавагі Беларусі добра вядомыя. Гэта, зразумела, выгаднае геаграфічнае становішча на стыку двух найбуйнейшых інтэграцыйных аб'яднанняў - ЕС і ЕАЭС, развітыя транспартныя камунікацыі і інфраструктура, а таксама высокакваліфікаваная рабочая сіла, значны навукова-тэхнічны патэнцыял. І, вядома, наяўнасць тэрыторый з прэферэнцыяльнымі рэжымамі для інвестараў самых розных сфер. Пры гэтым мы разумеем, што ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі за капітал неабходна ствараць умовы, як мінімум, не горшыя, чым у краін-суседзяў. І ў гэтым напрамку ў нас праводзяцца шырокія рэформы, накіраваныя на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці. Пераўтварэнні закрануць шырокі спектр адносін, удасканальваецца падатковае і інвестыцыйнае заканадаўства", - рэзюмаваў міністр эканомікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі