Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 кастрычніка 2022, 09:46

Чарвякоў аб процідзеянні санкцыям: наша эканоміка стала адаптыўнай і максімальна гібкай

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўмовах санкцый беларуская эканоміка стала адаптыўнай і максімальна гібкай. Аб гэтым у час брыфінгу ў Цэнтральным доме афіцэраў расказаў міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Больш за год мы жывём ва ўмовах масіраванага эканамічнага націску з боку недружалюбных краін. Работу шэрага нашых галін абмежавалі: авіяцыйную, калійную, нафтаперапрацоўчую. Па сутнасці, пад ударам апынуліся флагманы нашай эканомікі, ад работы якіх залежыць функцыянаванне шэрага сумежных галін не толькі нашай краіны, але і суседніх дзяржаў. У тым ліку тых, якія ўвялі ў адносінах да нас гэтыя санкцыі. Такія дзеянні заходніх краін і іншых дзяржаў з'яўляюцца неправамернымі і маюць дыскрымінацыйны характар. Але зваліць нас ім не ўдалося", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Міністр эканомікі адзначыў, што ў Беларусі навучыліся працаваць адаптыўна і максімальна гібка, з улікам зменлівых знешніх і ўнутраных умоў. Насуперак санкцыйным абмежаванням, у мінулым годзе беларуская эканоміка прадэманстравала рост больш як 2 працэнты. Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, 2021 год стаў адным з самых паспяховых для беларускай эканомікі з пункту гледжання знешняга гандлю. Быў сфарміраваны прафіцыт у памеры $4 млрд. Адначасова з гэтым паляпшаліся паказчыкі фінансавага стану прадпрыемстваў, чыстага прыбытку, росту зарплат. Аднавіўся і рынак працы, а ўзровень беспрацоўя быў мінімальны.

"У 2022 годзе мы сутыкнуліся з чарговымі выклікамі. Беспрэцэдэнтнае ўзмацненне санкцый, па сутнасці, сапраўдная эканамічная вайна. Гэта аказала скажальны ўплыў на вышэйназваныя тэндэнцыі. На галіны былі накладзены лагістычныя абмежаванні, быў ускладнены доступ да сусветных рынкаў, узніклі складанасці з пастаўкамі камплектуючых. Мы працавалі над тым, каб прадпрыемствы не спыніліся, а насельніцтва не адчула ўплыў санкцый. Мы арыентаваліся на гэта. Урад аператыўна адрэагаваў, мабілізаваў усе намаганні і рэсурсы. На пляцоўцы аператыўна-сітуацыйнага штаба пры ўрадзе даволі хутка прымаліся неабходныя нарматыўна-прававыя акты. Штаб працаваў штодзень, а мы збіралі інфармацыю і аператыўна перадавалі яе туды", - прадоўжыў міністр эканомікі.

Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, гэта дало адпаведны вынік і магчымасць выпрацаваць комплекс мер для падтрымкі эканомікі. Асноўнай задачай усіх гэтых мерапрыемстваў было максімальнае зніжэнне ўплыву санкцый і выдаткаў на прадпрыемствах. Такі падыход дапамог рэальнаму сектару даволі хутка адаптавацца да складаных эканамічных умоў. Аляксандр Чарвякоў з упэўненасцю заявіў, што цяпер эканоміка развіваецца ўстойліва і збалансавана.

"Мы плануем рост эканомікі. Гэта разлікі, мэтавая праграма, якую рэалізуе ўрад для зніжэння санкцыйнага націску. І кожны месяц мы будзем расці адносна папярэдняга. На гэта нацэлены ўсе меры, якія прымае наш урад. Многія прадпрыемствы пераарыентавалі ўжо свае экспартныя патокі на рынкі іншых краін. У першую чаргу Расіі і Кітая. Наша доля на расійскім рынку ўзрасла з 5,5 працэнта амаль да 8 працэнтаў. Максімальная доля нашага экспарту ў імпарце Расіі была 11 працэнтаў, таму нам ёсць куды расці. Асабліва цяпер, калі рынкі вызвалілі многія буйныя кампаніі", - дадаў Аляксандр Чарвякоў.

У кітайскім напрамку доля беларускага экспарту таксама значна павялічылася. Як вынік, рэальны сектар эканомікі змог нарасціць выпуск тавараў не "на склад".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі