Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 чэрвеня 2024, 15:25

БУТБ мае намер садзейнічаць развіццю біржавога гандлю ў ЕАЭС

Фота БУТБ
Фота БУТБ
14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа мае намер удзельнічаць у стварэнні спрыяльных умоў для развіцця трансгранічнага электроннага гандлю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза шляхам далейшай інтэграцыі біржавога механізма ў ланцужкі паставак і спрашчэння ўзаемнага доступу суб'ектаў гаспадарання на рынкі краін ЕАЭС. Аб гэтым заявіў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Аляксандр Башлій на міжнароднай канферэнцыі "Экспарт у краіны ЕАЭС. Сцэнарыі міжрэгіянальнай кааперацыі", якая прайшла 13-14 чэрвеня ў Новасібірску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Паводле слоў Аляксандра Башлія, на біржавой пляцоўцы акрэдытаваны і працуюць рэзідэнты ўсіх краін ЕАЭС, аднак найбольш актыўна магчымасцямі БУТБ карыстаюцца кампаніі з Расіі і Казахстана. "На сённяшні дзень у нас акрэдытаваны 3852 суб'екты гаспадарання з Расіі, 113 з Казахстана, 25 з Кыргызстана і 24 з Арменіі. Вядома, па тых ці іншых прычынах далёка не ўсе гэтыя кампаніі рэгулярна ажыццяўляюць здзелкі. Доля актыўных удзельнікаў таргоў складае ў сярэднім каля 45 працэнтаў. Таму мы стараемся падтрымліваць пастаянны кантакт з нашымі кліентамі, інфармуем аб цікавых лотах і новых таварных пазіцыях. І гэта дае станоўчы эфект: па выніках студзеня - мая 2024 года сума біржавых кантрактаў, заключаных рэзідэнтамі краін ЕАЭС, павялічылася ў 3,7 раза. Пры гэтым асабліва актыўна біржавую платформу выкарыстоўвалі прадстаўнікі расійскага і казахстанскага бізнесу. У вартасным выражэнні на іх прыпала звыш 90 працэнтаў біржавога тавараабароту Рэспублікі Беларусь з іншымі дзяржавамі саюза", - адзначыў начальнік упраўлення ЗЭД БУТБ.

Расказваючы аб вопыце БУТБ па арганізацыі міжрэгіянальнага біржавога гандлю, Аляксандр Башлій прывёў прыклад выкарыстання пляцоўкі прамысловых і спажывецкіх тавараў расійскімі кампаніямі пры ажыццяўленні закупак і рэалізацыі імпартазамяшчальнай прадукцыі. "Ужо амаль два гады на базе нашай В2В-платформы па гандлі прамысловымі і спажывецкімі таварамі дзейнічае электронны сэрвіс, які дае магчымасць купляць, прадаваць і размяшчаць заказы на выраб імпартазамяшчальнай прадукцыі. Прычым гэты інструмент запатрабаваны не толькі ў беларускіх, але і расійскіх кампаній. Праз нашу пляцоўку яны аператыўна знаходзяць пастаўшчыкоў і спажыўцоў імпартазамяшчальных тавараў у Беларусі, а таксама заключаюць транзітныя здзелкі з контрагентамі з іншых рэгіёнаў РФ. З пачатку года расійскія ўдзельнікі біржавых таргоў ужо імпартазамясцілі прамысловую і спажывецкую прадукцыю на $5,4 млн", - дадаў Аляксандр Башлій.

У рамках дзелавой праграмы канферэнцыі дэлегацыя БУТБ правяла перагаворы аб супрацоўніцтве з прадстаўнікамі шэрага вытворчых і гандлёвых арганізацый Іркуцкай, Кемераўскай і Новасібірскай абласцей. У цэнтры ўвагі былі пытанні паставак у гэтыя рэгіёны беларускай малочнай прадукцыі, амінакіслот і прэміксаў, а таксама імпарт у Беларусь алейнага семя, ветэрынарных прэпаратаў, камбікармоў, палімернай упакоўкі і вытворчага абсталявання для сельскагаспадарчай галіны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі