Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 кастрычніка 2021, 17:11

БУТБ будзе садзейнічаць захаванню балансу попыту і прапанавання на рынку лесапрадукцыі

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа будзе садзейнічаць захаванню балансу попыту і прапанавання на рынку лесапрадукцыі. Аб гэтым заявіў начальнік упраўлення таргоў лесапрадукцыяй БУТБ Максім Ігнаценка, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў круглага стала "Праблемы дзяржаўнага і прыватнага партнёрства ў рабоце прадпрыемстваў лесапрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь", арганізаванага ў час 27-й міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі абсталявання і тэхналогій для лясной, дрэваапрацоўчай і мэблевай прамысловасці "Дрэваапрацоўка-2021", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.

Максім Ігнаценка адзначыў, што ў многім дзякуючы рэалізаванаму біржай комплексу мер, у прыватнасці, увядзенню перадгандлёвага цэнавага калідора, цэны на піламатэрыялы для беларускіх спажыўцоў за апошнія месяцы прыкметна знізіліся і цяпер перадумовы для новага перыяду росту адсутнічаюць. Ён таксама анансаваў распрацоўку сумесна з Міністэрствам лясной гаспадаркі віджэта "Свабодны рэсурс арганізацый сістэмы Мінлясгаса для рэалізацыі на біржавых таргах", які плануецца размясціць на сайце БУТБ. Прадугледжваецца, што гэта дапаможа прадухіліць скачкі попыту, паколькі ўсе ўдзельнікі рынку будуць бачыць даступны аб'ём лясных рэсурсаў і змогуць у нармальным рэжыме планаваць сваю работу.

Што датычыцца прапанавання круглых лесаматэрыялаў на біржавой пляцоўцы, то Максім Ігнаценка звярнуў увагу на заяўкі расійскіх кампаній, якія ў бягучым годзе пачалі актыўна выстаўляць на продаж свой рэсурс. Паводле слоў прадстаўніка БУТБ, у таргах ужо ўдзельнічаюць лесанарыхтоўшчыкі з прыгранічных рэгіёнаў - Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей, прычым у бліжэйшы час іх колькасць можа вырасці. У прыватнасці, непасрэдна ў час круглага стала інтарэс да акрэдытацыі на біржы выказаў прадстаўнік кампаніі з Цвярской вобласці Расіі, у распараджэнні якой знаходзіцца каля 70 працэнтаў ляснога рэсурсу рэгіёна.

Акрамя таго, у ходзе круглага стала абмеркаваны шэраг актуальных пытанняў, якія датычацца кантролю за выкананнем біржавых здзелак, механізмаў абароны пакупніка і выкарыстання субрахункаў біржы пры ўзаемаразліках для мінімізацыі магчымых рызык.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі