Сцяг Чацвер, 5 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 сакавіка 2026, 15:01

БУТБ акрэдытуе брокера ў Смаленскай вобласці

Фота з архіва
Фота з архіва
4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа плануе акрэдытаваць брокера ў Смаленскай вобласці ў мэтах пашырэння кола ўдзельнікаў біржавых таргоў і павелічэння аб'ёмаў біржавых здзелак з названым рэгіёнам Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Новым партнёрам БУТБ стане смаленская кампанія, якая спецыялізуецца на аптовым гандлі сельскагаспадарчай тэхнікай і абсталяваннем. Аб рашэнні атрымаць статус прафудзельніка будучы брокер паведаміў прадстаўнікам БУТБ непасрэдна пасля семінара па пытаннях біржавога гандлю, які прайшоў у Смаленску пры падтрымцы ўрада рэгіёна. Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў і спецыялістаў па знешнеэканамічнай дзейнасці 17 вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў Смаленскай вобласці.

У рамках семінара адбылася прэзентацыя беларускай біржавой пляцоўкі і яе асноўных інструментаў, а таксама на канкрэтных прыкладах разгледжаны магчымасці прымянення біржавога механізма пры ажыццяўленні экспартных і імпартных аперацый паміж беларускімі і смаленскімі суб'ектамі гаспадарання. Акрамя таго, удзельнікі семінара абмеркавалі ролю біржы ва ўстараненні неабгрунтаванага пасрэдніцтва, імпартазамяшчэнні і фарміраванні рэпрэзентатыўных цэнавых індыкатараў на сыравінныя і несыравінныя тавары.

Па выніках студзеня-лютага Смаленская вобласць заняла другое месца сярод усіх рэгіёнаў Расіі па суме здзелак, заключаных на БУТБ. Біржавы тавараабарот смаленскіх удзельнікаў за гэты перыяд склаў $37,5 млн, што ў 1,8 раза больш, чым у студзені-лютым 2025 года. На беларускі экспарт прыпала 93 працэнты ўсяго аб'ёму біржавога гандлю са Смаленскай вобласцю. У пералік самых папулярных таварных пазіцый у смаленскіх імпарцёраў увайшлі сметанковае масла, сухое малако, мяса буйной рагатай жывёлы, піламатэрыялы і льняное валакно.

Па стане на 4 сакавіка 2026 года на БУТБ былі акрэдытаваны 642 суб'екты гаспадарання са Смаленскай вобласці. У 2026 годзе выкарыстоўваць біржавую гандлёвую платформу пачалі сем новых прадстаўнікоў дзелавой супольнасці Смаленскай вобласці.  

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі