Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 студзеня 2020, 13:28

БУТБ акрэдытавала першага біржавога брокера ў Венгрыі

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумеснае беларуска-венгерскае прадпрыемства Belmastroy Zrt. стала першым брокерам Беларускай універсальнай таварнай біржы ў Венгрыі. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Belmastroy Zrt. спецыялізуецца на аказанні шырокага спектра будаўнічых паслуг, мае значны вопыт рэалізацыі праектаў у будаўнічай сферы і ўваходзіць у Нацыянальную федэрацыю будаўнічых арганізацый-падрадчыкаў Венгрыі.

У статусе біржавога брокера кампанія мае намер прыцягваць на біржавыя таргі пакупнікоў будматэрыялаў з Венгрыі і іншых краін Еўрасаюза, а таксама інфармаваць прадстаўнікоў дзелавой супольнасці з гэтага рэгіёна аб магчымасцях выкарыстання біржавога механізма для выхаду на рынак Беларусі. Пры садзейнічанні Belmastroy Zrt. плануецца арганізаваць рэгулярныя пастаўкі ў Венгрыю беларускага цэменту, шчэбеню, цэглы і блокаў з ячэістага бетону, у тым ліку ў рамках праекта па будаўніцтве новых рэактараў АЭС "Пакш". Цяпер гэта прадукцыя рэалізуецца ў дзвюх біржавых секцыях: прамысловых і спажывецкіх тавараў і перспектыўных біржавых тавараў.

"Экспартныя біржавыя таргі будматэрыяламі - гэта пілотны праект, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці рэалізацыі прадукцыі беларускай будаўнічай галіны на знешніх рынках. Тут мы цесна супрацоўнічаем з Мінбудархітэктуры і прадпрыемствамі-экспарцёрамі, - адзначыў Раман Яніў. - Нягледзячы на тое, што ў рэгулярным рэжыме таргі па гэтай таварнай групе сталі праводзіцца не так даўно, ужо сфарміраваўся пул пастаянных пакупнікоў з Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. З дапамогай нашага новага брокера разлічваем выйсці і на рынак Венгрыі".

Акрамя будматэрыялаў, венгерскі брокер не выключае магчымасць прапрацоўкі іншых перспектыўных таварных напрамкаў, прадстаўленых на электронных пляцоўках БУТБ, такіх як сельгаспрадукцыя, вырабы з чорных і каляровых металаў і лесаматэрыялы.

Цяпер на БУТБ акрэдытаваны 11 брокераў-нерэзідэнтаў Беларусі з 10 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі