
13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна пастаянна павышаць эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў. Аб гэтым сказала намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч падчас пасяджэння пастаяннай міжведамаснай камісіі па дзяржпраграмах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі прапануемыя падыходы па ўзмацненні кантролю за пераразмеркаваннем аб'ёмаў фінансавання паміж мерапрыемствамі пры ўнясенні змяненняў у дзяржаўныя праграмы.
Паводле слоў Таццяны Бранцэвіч, у цяперашніх умовах неабходны максімальна эфектыўны механізм пераразмеркавання "запраграмаваных" бюджэтных сродкаў.
"На прыярытэтныя мэты развіцця грошы ў дзяржавы ёсць. Але наша ключавая задача - іх эфектыўна выкарыстоўваць. І гэта датычыцца не толькі заказчыкаў дзяржпраграм, а ў прынцыпе - усіх. Кожны абавязаны разумна распараджацца існуючымі рэсурсамі, каб ні адно мерапрыемства і напрамак не засталіся без фінансавання. Са свайго боку Мінэканомікі і міжведамасная камісія гатовы падтрымаць разумны "бюджэтны манеўр" на карысць мерапрыемстваў, якія хутка рэалізуюцца, аператыўна акупляюцца і гарантавана даюць добры эканамічны або сацыяльны эфект для рэгіёнаў і абласцей. Аднак такія дзеянні павінны быць абгрунтаваныя, падмацаваныя дэталёвым аналізам вынікаў пераразмеркавання. І камісія будзе ўдзяляць гэтаму прыярытэтную ўвагу", - падкрэсліла намеснік міністра.-0-