Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 снежня 2021, 09:03

Бранцэвіч расказала аб ключавых змяненнях у закон аб іпатэцы

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На праведзеным 7 снежня пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў разгледжаны праект закона "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб іпатэцы". Аб ключавых змяненнях у закон расказала намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.

Закон "Аб іпатэцы" дзейнічае з 2008 года. За гэты час наспела неабходнасць яго адаптаваць да новых умоў і заканадаўчых актаў, улічыць карысны вопыт партнёраў па ЕАЭС. Законапраект уважліва прааналізаваны дзяржорганамі, Вярхоўным судом, Нацбанкам, прадстаўнікамі экспертнай супольнасці, іншымі зацікаўленымі. У выніку сфармулявана і прапанавана некалькі ключавых змяненняў. "Па-першае, больш дакладна вызначаны прадмет іпатэкі. Па-другое, уведзена паняцце "сузалогатрымальнікі". Інакш кажучы, некалькі асоб могуць мець роўныя правы на атрыманне задавальнення з кошту прадмета іпатэкі, - расказала Таццяна Бранцэвіч. - Па-трэцяе, скасавана неабходнасць дзяржрэгістрацыі дагавора аб іпатэцы нястворанай маёмасці: ён лічыцца заключаным з моманту надання яму пісьмовай формы. Па-чацвёртае, характарыстыкі прадмета іпатэкі могуць змяняцца, але гэта ніяк не ўплывае на дагаворныя абавязацельствы. Па-пятае, залогадавальнік атрымлівае права завяшчаць маёмасць, распараджацца ёю паводле шлюбнага дагавора з паведамленнем, але без узгаднення залогатрымальніка".

Акрамя гэтага, устанаўліваюцца наступствы невыканання ўмоў здачы маёмасці ў арэнду, бязвыплатнай перадачы ў карыстанне і інш. Пры спагнанні такой маёмасці ўсе правы трэціх асоб спыняюцца. Акрамя таго, асабліва прапісаны парадак перадачы ў іпатэку капітальнага будынка з ізаляванымі памяшканнямі або машына-месцамі. Пры перадачы будынка ў іпатэку цалкам пад яе таксама пападаюць усе памяшканні. Але адваротная сітуацыя не дапускаецца. "З трох да шасці месяцаў прадоўжаны перыяд паміж датамі складання акта інвентарызацыі, бухгалтарскага балансу, заключэння аўдытара аб складзе, кошце прадпрыемства і заключэння дагавора аб іпатэцы. І нарэшце, новаўвядзенне з важным сацыяльным эфектам: калі ў даўжніка маецца іншая маёмасць, за кошт якой могуць быць задаволены патрабаванні залогатрымальніка, і памер пратэрміноўкі параўнальна невялікі, спагнана можа быць яна, а не жыллё ў іпатэцы", - адзначыла яна.

На думку намесніка міністра, змяненні, якія ўносяцца ў закон, дадуць магчымасць спрасціць, зрабіць больш зразумелымі прававыя адносіны ў сферы іпатэкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі