Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 кастрычніка 2024, 12:59

Больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў прымуць удзел у Кітайскай выстаўцы імпарту ў Шанхаі

Фота БелГПП
Фота БелГПП
9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў прымуць удзел у Кітайскай выстаўцы імпарту ў Шанхаі. Аб гэтым расказала дырэктар УП "Белінтэрэкспа" Наталля Кураш перад пачаткам варкшоп-семінара "Эфектыўная работа беларускіх прадпрыемстваў і кампаній на рынку Кітайскай Народнай Рэспублікі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларуская экспазіцыя штогод здзіўляе наведвальнікаў выстаўкі. "Заканчваючы адну выстаўку, мы пачынаем працаваць над іншай. У гэтым годзе ў нас тэма "Белавежская пушча", і яна будзе прадстаўлена з улікам Года якасці. На стэндзе будуць адлюстраваны рэдкая прырода і цудоўныя мясціны Беларусі. Акрамя таго, наведвальнікаў і ўдзельнікаў выстаўкі будуць здзіўляць нашы прадпрыемствы з новай прадукцыяй", - расказала Наталля Кураш.

У Кітай прадпрыемствы павязуць узоры вядомых брэндаў. Беларуская экспазіцыя будзе прадстаўлена ў трох павільёнах - нацыянальным, харчовым і высокатэхналагічным. "Будзем здзіўляць беларускай кухняй, нацыянальнай музыкай, Белавежскай пушчай, цікавым кантэнтам і, вядома ж, якаснымі прадуктамі харчавання. У высокатэхналагічным павільёне ў нас таксама будзе стэнд, дзе прадставім нашых гігантаў, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства прамысловасці, Акадэміі навук, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях. У рамках выстаўкі імпарту пройдзе і дзелавая праграма", - растлумачыла яна.

Усяго ўдзельнічаць у выстаўцы плануюць 60 прадпрыемстваў ад Беларусі. Дырэктар дадала, што выстаўка камерцыйна цікавая для многіх, таму што на спецыялізаваных мерапрыемствах ёсць больш магчымасцей знайсці надзейных партнёраў і якасна сябе прэзентаваць. "Цяперашняя выстаўка ў першую чаргу садзейнічае іміджу Рэспублікі Беларусь. Мы не забываем, што гэту выстаўку наведваюць практычна ўсе правінцыі, увесь бізнес Кітая. Акрамя таго, там ёсць замежныя ўдзельнікі, таму мы робім акцэнты. У мінулым годзе гэта былі Дні рэгіёна, на якіх падпісваліся дакументы", - адзначыла яна.

7-я Кітайская міжнародная выстаўка імпарту (China International Import Expo) адбудзецца з 5 па 10 лістапада ў Шанхаі. Выстаўка пройдзе на плошчы 600 тыс. кв.м. У выстаўцы імпарту ў Шанхаі мінулага года прымалі ўдзел прадстаўнікі 154 краін з агульнай колькасцю ўдзельнікаў больш як 3,4 тыс.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі