Сцяг Субота, 22 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лютага 2025, 12:47

Больш за 27 тыс. суб'ектаў гаспадарання Беларусі выкарыстоўваюць біржу для закупак і рэалізацыі прадукцыі

Фота з архіва
Фота з архіва
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ключавыя тэндэнцыі ў электроннай камерцыі, асаблівасці прымянення біржавых інструментаў у збытавой і закупачнай дзейнасці і перспектывы развіцця лічбавай інфраструктуры біржавога гандлю - гэтым актуальным для дзелавой супольнасці пытанням было прысвечана выступленне намесніка старшыні Беларускай універсальнай таварнай біржы Ірыны Наркевіч на канферэнцыі "2025: трансфармацыя бізнесу", арганізаванай РУП "Белмытнясэрвіс". Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Паводле слоў прадстаўніцы БУТБ, сёння біржавы механізм ужо цесна інтэграваны ў дзейнасць больш як 27 тыс. суб'ектаў гаспадарання Беларусі, якія выкарыстоўваюць функцыянал біржавой пляцоўкі для ажыццяўлення закупак на ўнутраным рынку, імпарту запатрабаваных тавараў з-за мяжы і рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці на экспарт.

"Характэрная рыса сучасных людзей справы - адкрытасць да інавацый і гатоўнасць укараняць іх для павышэння эфектыўнасці тых ці іншых бізнес-працэсаў. На шчасце, сёння ўжо не трэба тлумачыць, што такое электронны лічбавы подпіс, як праводзіць электронныя плацяжы і навошта карыстацца электроннымі гандлёвымі пляцоўкамі. Усё гэта звычайныя рабочыя інструменты, і біржавыя таргі - адзін з іх", - адзначыла Ірына Наркевіч.

 Асаблівая ўвага ў ходзе выступлення была ўдзелена біржавым інструментам і сэрвісам, якія спрашчаюць выхад беларускіх прадпрыемстваў на новыя рынкі. Намеснік старшыні праўлення БУТБ, у прыватнасці, падзялілася вопытам арганізацыі спецыяльных гандлёвых сесій па рэалізацыі піламатэрыялаў у краіны Азіі, расказала аб прынцыпах работы механізма біржавых адрасных здзелак і прывяла прыклады выкарыстання біржавых таргоў як альтэрнатыўнага канала экспартных продажаў мясамалочнай прадукцыі, кармавых дабавак і цукру.

"Высокая канцэнтрацыя попыту і прапанавання на біржавой платформе стварае спрыяльныя ўмовы як для беларускіх экспарцёраў, так і імпарцёраў. Першыя атрымліваюць дадатковую выручку за кошт росту цэн у працэсе таргоў, а другія эканомяць на закупках у выніку зніжэння кошту лотаў, што выстаўляюцца прадаўцамі-нерэзідэнтамі. За мінулы год сукупны эканамічны эфект для айчынных прадпрыемстваў склаў Br649 млн, што на 8 працэнтаў больш, чым у 2023 годзе", - расказала Ірына Наркевіч.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. Беларуская ўніверсальная таварная біржа - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі