Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 кастрычніка 2020, 15:20

Больш за 20 інвестпраектаў плануецца рэалізаваць у фармгаліне да 2030 года

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 20 інвестыцыйных праектаў плануецца рэалізаваць на фармпрадпрыемствах да 2030 года, паведаміў генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынга "Белфармпрам" Сяргей Казакевіч на круглым стале "Развіццё фармацэўтычнай галіны ў Беларусі: эфектыўнае забеспячэнне патрэбнасцей аховы здароўя і насельніцтва" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Вытворчасць асноўных фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў у бліжэйшае дзесяцігоддзе будзе развівацца ў адпаведнасці са стратэгіяй, праект якой ужо распрацаваны, адзначыў Сяргей Казакевіч. За 2021-2030 гады арганізацыі - удзельнікі холдынга плануюць рэалізаваць 23 інвестыцыйныя праекты. У бліжэйшыя пяць гадоў, як чакаецца, будзе распрацавана каля 300 найменняў лекавых прэпаратаў.

Паводле слоў гендырэктара кіруючай кампаніі, дзяржава заўсёды ўдзяляла вялікую ўвагу развіццю фармацэўтычнай прамысловасці. З 2012 года ў галіне рэалізавана 37 буйных інвестпраектаў на агульную суму каля $345 млн. Яшчэ некалькі праектаў знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі.

У прыватнасці, на Барысаўскім заводзе медыцынскіх прэпаратаў рэканструююць дзеючы таблетачны цэх з прывядзеннем да стандартаў Належнай вытворчай практыкі (GMP), працуюць над стварэннем новай вытворчасці цвёрдых лекавых форм. Як адзначыў гендырэктар прадпрыемства Яўген Тарасенка, 13 кастрычніка падпісаны загад аб пачатку праектавання яшчэ аднаго таблетачнага цэха магутнасцю 1 млрд таблетак і 100 млн капсул у год. Рэалізацыю праекта плануюць пачаць у канцы 2021, а да канца 2023-га ўжо ўвесці цэх у эксплуатацыю. Штогод на прадпрыемстве асвойваюць 12-15 новых прэпаратаў.

РУП "Белмедпрэпараты" за апошнія пяць гадоў уклала ў мадэрнізацыю, развіццё і стварэнне новых вытворчасцей каля Br150 млн, адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Бяляеў. За гэтыя гады абноўлены многія ўчасткі па вытворчасці як цвёрдых лекавых форм, так і ліяфільна высушаных прэпаратаў. Цяпер у стадыі рэалізацыі - два вялікія інвестпраекты. Адзін з іх датычыцца стварэння доследна-прамысловай вытворчасці пераральных проціпухлінных лекавых сродкаў у выкананні тыпу ізалюючых тэхналогій. Будзе створана сучасная вытворчасць проціпухлінных лякарстваў у форме таблетак і капсул, што дасць магчымасць істотна пашырыць наменклатуру і ўмацаваць экспартны патэнцыял прадпрыемства.

Другі інвестпраект рэалізуецца на базе цэха нумар 8, дзе вырабляюцца ліяфільна высушаныя прэпараты, у выніку чаго будзе пашырана наменклатура выпускаемай прадукцыі. Паводле слоў Сяргея Бяляева, гэты праект мае лакальны і экспартны патэнцыял, што звязана з унікальнасцю прадпрыемства ў плане вытворчасці. Такіх прадпрыемстваў у краіне больш няма, а на тэрыторыі постсавецкай прасторы іх няшмат. У цэлым стратэгія развіцця "Белмедпрэпаратаў" на бліжэйшыя 10 гадоў прадугледжвае рэалізацыю 7 інвестпраектаў, якія дазволяць пашырыць існуючыя вытворчыя магутнасці.

Што датычыцца УП "Мінскінтэркапс", то прадпрыемства штогод выводзіць на рынак ад 5 да 10 новых прэпаратаў. Навінкай гэтага года стала лінейка прэпаратаў вітаміна Д3 у розных дазіроўках для ўсіх груп пацыентаў. Дарэчы, вітамін Д у дазіроўцы 4000 МЕ - 5000 МЕ ў суткі ўключаны ў пратаколы прафілактыкі і лячэння лёгкай ступені COVID-19 у ЗША і Еўропе. У 2021 годзе плануюцца да выпуску жавальныя капсулы кальцыю-Д3-400 і кальцыю-Д3-800 макс. Акрамя таго, паводле слоў дырэктара прадпрыемства Аляксандра Жадана, будзе рэалізаваны шэраг праектаў, накіраваных на мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцей.

Круглы стол прысвечаны Дню работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці Беларусі, які будзе адзначацца 15 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі