Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лютага 2019, 10:16

БМЗ у 2018 годзе павялічыў экспарт прадукцыі на чвэрць

12 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" экспартавала ў 2018 годзе больш за 2 млн т прадукцыі больш як на $1,25 млрд. У грашовым выражэнні тэмп росту экспарту склаў 125,9 працэнта да ўзроўню 2017 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

У мінулым годзе металапрадукцыя беларускай вытворчасці была запатрабавана ў 66 краінах. У структуры экспарту прадукцыі БМЗ лідзіравала Еўропа (49,1 працэнта), СНД (24,2 працэнта) і Азія (11,9 працэнта). Доля краін Афрыкі і Амерыкі склала 8,7 працэнта і 6,1 працэнта. У топ-10 краін - імпарцёраў прадукцыі завода ўвайшлі Расія, Германія, Літва, Ізраіль, Украіна, Нідэрланды, Польшча, Егіпет, Італія і ЗША. "На 2019 год пастаўлена задача захаваць дасягнутыя пазіцыі, а таксама ўмацаваць прысутнасць на рынках афрыканскіх і лацінаамерыканскіх краін", - паведамілі на БМЗ.

Усяго ў 2018 годзе ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" рэалізавала звыш 2,36 млн т металапрадукцыі, што складае 106,2 працэнта да ўзроўню 2017 года. Пры гэтым больш як 26 працэнтаў адгружанага - інавацыйныя распрацоўкі.

Дасягненне такіх вынікаў стала магчымым у тым ліку дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню са спажыўцамі, задавальненню іх запытаў. Як удакладнілі на заводзе, у сваёй рабоце БМЗ нязменна робіць акцэнт на патрэбнасці кліентаў, зручнасць і камунікацыю, зніжэнне выдаткаў для пакупнікоў беларускага металапракату.

У сваю чаргу спажыўцы беларускай металапрадукцыі прадэманстравалі высокі індэкс лаяльнасці (NPS) да БМЗ. Па выніках апытання кліентаў ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" у 2018 годзе NPS склаў 81,4 працэнта. Гэта максімальны паказчык за апошнія чатыры гады, на працягу якіх праводзіцца гэта даследаванне. Удзельнікамі апытання сталі амаль 150 кампаній - спажыўцоў металапрадукцыі беларускага вытворцы, размешчаныя ў Еўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Блізкім Усходзе і СНД. "83 працэнты апытаных заявілі, што рэкамендавалі б БМЗ для супрацоўніцтва, 5,5 працэнта занялі нейтральную пазіцыю, і толькі 1,5 працэнта рэспандэнтаў выказалі крытычныя заўвагі адносна ўзаемадзеяння з прадпрыемствам", - удакладнілі ў прэс-службе.

ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" - высокатэхналагічнае прадпрыемства металургічнай галіны Беларусі. Складаецца з чатырох, звязаных адным тэхналагічным ланцужком, вытворчасцей, - сталеплавільнай, пракатнай, трубнай, вырабаў з металу - і цэхаў інфраструктуры. Штогод больш за 80 працэнтаў выпускаемай БМЗ прадукцыі адпраўляецца на экспарт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі