
10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект рэспубліканскага бюджэту на 2017 год мае рэальны і збалансаваны характар. Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын, паведамляе БЕЛТА.
Праект рэспубліканскага бюджэту на наступны год сфарміраваны з улікам неабходнасці забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці і стварэння ўмоў для наступнага эканамічнага росту.
"У аснове бюджэту кансерватыўны прагноз па тэмпах эканамічнага росту - 100,2 працэнта ў адрозненне ад таго, што зацверджана ва ўказе кіраўніка дзяржавы - 101,7 працэнта", - растлумачыў міністр. Паводле яго слоў, гэта надае бюджэту рэальны збалансаваны характар. "Калі і будзем удакладняць бюджэт, то ў сувязі з перавыкананнем даходнай часткі і накіраваннем дадатковых расходаў на тыя патрэбнасці, якія ў нас узнікнуць", - рэзюмаваў Уладзімір Амарын.-0-