Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 мая 2022, 16:28

Бізнес-форум "Гомель-Бранск" стаў яшчэ адным крокам у развіцці супрацоўніцтва рэгіёнаў

20 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Бізнес-форум "Гомель-Бранск" стаў яшчэ адным крокам у развіцці супрацоўніцтва двух рэгіёнаў. Перакананасць у гэтым выказаў губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз на адкрыцці першага рэгіянальнага бізнес-форуму "Гомель-Бранск", які праходзіць у горадзе над Сожам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сённяшні бізнес-форум - гэта яшчэ адзін крок у развіцці нашага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Багамаз. Ён адзначыў, што тавараабарот Бранскай і Гомельскай абласцей расце. "І нам важна захаваць гэту дынаміку", - падкрэсліў губернатар.

"Трывалыя бізнес-сувязі, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, спорту, аховы здароўя, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, іншых галін сведчаць аб нарастанні інтэграцыі паміж нашымі рэгіёнамі", - звярнуў увагу Аляксандр Багамаз.

Паводле яго слоў, шмат з таго, што намецілі дзве вобласці, ужо ажыццяўляецца. Так, у Бранску гомельскія будаўнікі пабудуюць жылы дом. "Ужо вядуцца работы. Я ўпэўнены, што беларускія будаўнікі выканаюць абавязацельствы ў тэрмін, з высокай якасцю. І праз паўтара года 152 сям'і стануць навасельцамі", - адзначыў губернатар.

Таксама беларускія спецыялісты ўдзельнічаюць у будаўніцтве школы ў Бранску, беларускія арганізацыі заключаюць кантракт на будаўніцтва дарог у расійскім рэгіёне.

"Гэта сапраўды дастойныя праекты расійска-беларускай інтэграцыі, - лічыць кіраўнік рэгіёна. - Ва ўмовах санкцый нам неабходна ўмацоўваць міжрэгіянальную кааперацыю. Санкцыі, адыход заходніх кампаній не выпрабаванні для нас, а новыя магчымасці. Мы, бліжэйшыя суседзі, браты, павінны аб'яднацца і ўмацаваць тое, што стварылі нашы продкі і паспяхова развіваюць лідары нашых дзяржаў. У нашых народаў не толькі агульная гісторыя, традыцыі, Перамога, але і агульная каштоўнасць - любоў да сваёй Радзімы, якая выяўляецца ў тым, што з году ў год нашы дзяржавы развіваюцца і мацнеюць".

Аляксандр Багамаз салідарны са старшынёй Гомельскага аблвыканкама ў важнасці развіцця кааперацыйных сувязей. "Ніша магчымасцей - гэта і выпуск прадукцыі, і выпуск запасных частак", - упэўнены ён.

Першы бізнес-форум "Гомель-Бранск" сабраў больш за 100 удзельнікаў. Адкрыты дыялог аб супрацоўніцтве вядуць прадстаўнікі ўлады, бізнес-колаў, гандлёва-прамысловых палат. Цікавасць да форуму праявілі больш за 20 кампаній расійскага рэгіёна. Каля 20 гомельскіх арганізацый прадставілі сваю прадукцыю на выстаўцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі