Сцяг Серада, 21 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 красавіка 2025, 18:03

Біржавы тавараабарот Беларусі і Расіі вырас на 17 працэнтаў

Фота БУТБ
Фота БУТБ
2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле інфармацыі Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ), за I квартал 2025 года сума біржавых здзелак паміж беларускімі і расійскімі ўдзельнікамі таргоў склала $232,5 млн, што на 17 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Пры гэтым Расія не толькі займае першае месца па аб'ёмах гандлю сярод усіх краін, прадстаўленых на БУТБ, але і з'яўляецца буйнейшым напрамкам біржавога экспарту. Паводле даных БУТБ, па выніках студзеня - сакавіка 2025 года пастаўкі беларускіх тавараў у РФ выраслі ў вартасным выражэнні на 41 працэнт, да $201,4 млн.

"У бягучым годзе ў структуры біржавога тавараабароту Беларусі і Расіі пераважае прадукцыя сельскай гаспадаркі з удзельнай вагой 77 працэнтаў. Расійскія кампаніі ў асноўным купляюць на таргах мясапрадукты, сухое малако, сметанковае масла, сыр і кармавыя дабаўкі. У беларускіх удзельнікаў найбольшым попытам карыстаецца збожжа, сродкі аховы раслін, ветэрынарныя прэпараты і харчовая сыравіна. Тэмп росту сумы здзелак у гэтым сегменце таварнага рынку склаў 135 працэнтаў да ўзроўню I квартала мінулага года", - паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Акрамя сельгаспрадукцыі, высокую ліквіднасць на біржавых таргах на працягу I квартала 2025 года дэманстравала прадукцыя металургіі і дрэваапрацоўкі, будматэрыялы, змазачныя рэчывы, палімерныя вырабы, а таксама шырокі асартымент тавараў прамысловага і спажывецкага прызначэння. У прыватнасці, экспартныя продажы беларускіх газасілікатных блокаў у Расію павялічыліся на 26 працэнтаў, лому чорных і каляровых металаў - на 12 працэнтаў, прамысловай прадукцыі - на 3 працэнты. У сваю чаргу расійскія прадпрыемствы на 63 працэнты нарасцілі аб'ёмы рэалізацыі палімераў і палімернай упакоўкі, на 22 працэнты - ферасплаваў, на 6 працэнтаў - чорнага металапракату.

Па стане на 2 красавіка 2025 года на БУТБ былі акрэдытаваны 4453 рэзідэнты Расійскай Федэрацыі, у тым ліку сем біржавых брокераў. З пачатку года на беларускую біржавую платформу прыйшлі 195 новых кампаній з Расіі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі