Сцяг Пятніца, 23 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 лютага 2025, 17:15

Біржа субкантрактаў і пляцоўка імпартазамяшчэння. Чабатар аб узаемадзеянні буйнога і малога бізнесу

Фота з архіва
Фота з архіва
20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр эканомікі Юрый Чабатар у эфіры праграмы "Актуальнае інтэрв'ю" на "Першым інфармацыйным" расказаў, якія фарматы ўзаемадзеяння буйнога і малога прадпрымальніцтва ёсць у краіне і наколькі яны эфектыўныя, паведамляе БЕЛТА.

Пытанне ўзаемадзеяння гігантаў прамысловасці з малым і сярэднім бізнесам вельмі актуальнае, асабліва ў апошнія гады, адзначыў Юрый Чабатар. "Мы запусцілі важны напрамак работы ў гэтай сферы - гэта біржа субкантрактаў Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Ён заключаецца ў тым, што падбіраюцца прадпрыемствы малога бізнесу і на канкрэтных буйных прадпрыемствах праводзіцца адпаведная біржа. Мы называем гэта "біржа", а фактычна гэта наладжванне кантактаў паміж гэтымі прадпрыемствамі", - растлумачыў міністр.

У такіх сустрэчах вельмі важна, што ў кіраўніцтва ёсць магчымасць літаральна патрымаць у руках тую самую камплектацыю, паразмаўляць з інжынерамі, канструктарамі, прапанаваць свае нейкія тэхнічныя рашэнні, дадаў ён. "І гэта дало вынік. За тры гады мы правялі больш за 60 такіх біржаў. Самае галоўнае, што знайшлі кантакт доўгатэрміновага характару паміж прадпрыемствамі. Заключана кантрактаў на Br24 млн за гэты час. Можа, лічба невялікая, здавалася б, але якасць - гэта самае галоўнае ў кантактах", - лічыць кіраўнік галіны.

Другі напрамак - рэалізацыя пляцоўкі імпартазамяшчэння сумесна з Беларускай універсальнай таварнай біржай. "Гэта анлайн-пляцоўка, дзе, з аднаго боку, прадпрыемства-пакупнік, а з іншага - прадпрыемства-пастаўшчык размяшчаюць заказы на выраб, пастаўку або продаж тавараў. Ключавое, што для нас было вельмі важна, - даць магчымасць размяшчаць у тым ліку літаральна чарцяжы вырабаў, каб патэнцыяльны вытворца змог ацаніць свае магчымасці. За тры гады работы - эфект каласальны. У 2022 годзе крыху больш за 100 млн кантрактаў было заключана, у а ўжо ў 2024-м - 760 млн. Бачым пазітыўны эфект і ў бягучым годзе прадаўжаем такую работу", - рэзюмаваў Юрый Чабатар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі