Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 снежня 2018, 16:06

Белінвестбанк прыцягнуў крэдыт ЕБРР на 50 млн еўра для развіцця малога і сярэдняга бізнесу

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белінвестбанк прыцягнуў крэдыт на 50 млн еўра для пашырэння магчымасцей крэдытавання мікра-, малога і сярэдняга бізнесу. Адпаведнае пагадненне банк падпісаў сёння з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, 15 млн еўра прадастаўляе ЕБРР, астатнія сродкі - еўрапейскія банкі. Большая частка сродкаў (дзве трэці) прадастаўляецца на тры гады, астатняя сума - на адзін год. Стаўка па крэдыце будзе выстаўляцца індывідуальна па кожнай здзелцы. "Думаю, трэба арыентавацца на кошт суверэнных бондаў", - адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі.

Як было адзначана ў час падпісання пагаднення, сотні прадпрыемстваў мікра-, малога і сярэдняга бізнесу Беларусі атрымаюць магчымасць карыстацца крэдытамі з больш доўгімі тэрмінамі пагашэння ад Белінвестбанка дзякуючы новым рэсурсам, прадастаўленым у выглядзе А/В крэдыту, арганізаванага ЕБРР. Гэта першая такая здзелка для банка. Яна дапаможа пашырыць яго дзейнасць на міжнародным рынку і павялічыць партнёрскую сетку.

Крэдыт з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем эфектыўнай работы ЕБРР і Белінвестбанка. Прыцягненне знешняга фінансавання будзе садзейнічаць далейшай дыверсіфікацыі рэсурснай базы і камерцыялізацыі банка.

ААТ "Белінвестбанк" - адзін з буйнейшых сістэмаўтваральных банкаў Беларусі. Па аб'ёме актываў і рэсурснай (кліенцкай) базе ўваходзіць у шасцёрку лідараў. З 2015 года пры падтрымцы ЕБРР у банку рэалізуецца праграма інстытуцыянальнага развіцця, накіраваная на павышэнне яго эфектыўнасці і камерцыялізацыю.

ЕБРР - міжнародны банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Беларусь з'яўляецца членам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з 1992 года. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ЕБРР інвесціраваў больш за 2 млрд еўра ў праекты ў розных сектарах эканомікі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі